Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/13/919956_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2019 10:31
13.09.2017 18:13 Эканоміка

У Мінску падпісаны дагавор аб сумеснай дзейнасці паміж ААТ "МАЗ" і кітайскай Weichai (абноўлена)

Мінск, 13 верасня. Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў і губернатар кітайскай правінцыі Шаньдун Гун Чжэн падпісалі 13 верасня ў Мінску дагавор аб сумеснай дзейнасці паміж ААТ "МАЗ" і кітайскай кампаніяй Weichai.

Кабякоў прывітаў рашэнне кампаніі Weichai стаць рэзідэнтам беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку "Вялікі камень", паведамляе прэс-служба ўрада.

Weichai разам з МАЗам пабудуе ў парку завод па выпуску рухавікоў. "Праект кампаніі з'яўляецца сапраўды высокатэхналагічным, што адпавядае профілю індустрыяльнага парку. Бо ён ствараецца менавіта для развіцця вытворчасцяў і інавацый, а не проста для гандлю, — падкрэсліў Кабякоў. — Паколькі губернатар Шаньдуна асабіста працуе над прыцягненнем у кітайскую правінцыю сусветных лідараў у галіне інфармацыйных тэхналогій, робататэхнікі і інтэлектуальнай вытворчасці, беларускі бок быў бы ўдзячны за прыцягненне гэтых кампаній да ўдзелу ў праектах у "Вялікім камені".

Серыйную вытворчасць рухавікоў на беларуска-кітайскім СП плануецца запусціць да канца 2018 года, паведаміў журналістам 13 верасня пасля цырымоніі закладкі першага каменя на месцы будаўніцтва завода ў Смалявіцкім раёне генеральны дырэктар ААТ "МАЗ" — кіруючая кампанія холдынга "БелаўтаМАЗ" Дзмітрый Кацярыніч. "8 лістапада 2018 года будзем адкрываць завод — гэта значыць, у гэтым жа месяцы будзе выпушчаны першы рухавік. Серыйная вытворчасць пачнецца да канца 2018 года", — цытуе гендырэктара дзяржаўнае агенцтва  БелТА.

Новы завод размесціцца на тэрыторыі 2,5 га, тут будуць выпускаць дызельныя рухавікі для грузавікоў, спецмашын і аўтобусаў. Паводле слоў Кацярыніча, статутны фонд СП — 20 млн долараў. Доля МАЗа ў ім складзе 30%, кітайскай кампаніі — 70%.

Гендырэктар таксама адзначыў, што МАЗ — адзін з нямногіх вытворцаў у галіне машынабудавання, якія не маюць уласных рухавікоў. "Мы перайшлі да выпуску аўтамабіляў класаў Еўра-5, Еўра-6. Такім аўтамабілям неабходныя добрыя сэрвіс і дыягностыка, для гэтага трэба затрачваць вялікія рэсурсы на закупку дыягнастычнага абсталявання. Не маючы ўласнага рухавіка, мы нясем вялікія рызыкі. Будзем разглядаць пытанне аб стварэнні ў Беларусі вытворчасці не толькі рухавікоў, але і ўсяго сілавога агрэгата", — паведаміў гендырэктар.

СП стане рэзідэнтам індустрыяльнага парку "Вялікі камень" і тым самым атрымае прадугледжаныя ільготы і прэферэнцыі. Праектная магутнасць завода складзе ад 20 тыс. матораў у год. Першапачаткова прадпрыемства будзе працаваць у адну змену, а калі дасягне гадавога аб'ёму ў 10 тыс. агрэгатаў, пяройдзе на дзвюхзменную працу. Магутнасць агрэгатаў складзе ад 220 к.с. да 460 к.с. Новы завод зможа цалкам забяспечыць патрэбы Мінскага аўтазавода ў дызельных агрэгатах. Каля 30% матораў плануецца экспартаваць. На першым этапе камплектуючыя будуць пастаўляць толькі з Кітая. У далейшым вытворчасць паэтапна лакалізуюць.

Мемарандум аб супрацоўніцтве, які прадугледжвае арганізацыю ў Беларусі вытворчасці дызельных рухавікоў, быў падпісаны падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай у верасні 2016 года.

Кампанія Weichai Power — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў матораў для грузавых аўтамабіляў. Першы завод кампаніі быў заснаваны ў 1946 годзе ў кітайскім горадзе Вейфанг. Зараз на прадпрыемстве працуе больш за 12 тыс. чалавек, у тым ліку 2,5 тыс. інжынераў. Магутнасць вытворчасці — 900 тыс. рухавікоў штогод.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН