Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/14/920153_445668/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:32
14.09.2017 14:31 Грамадства

Андрэй Худык прызначаны міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі

Мінск, 14 верасня. Былы намеснік кіраўніка справамі прэзідэнта Беларусі Андрэй Худык прызначаны міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Такое рашэнне 14 верасня прыняў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Ранейшы міністр прыроды Андрэй Каўхута быў адхілены ад пасады ў пачатку чэрвеня ў сувязі з распачынаннем крымінальнай справы аб службовым падлогу ў дачыненні да шэрагу службовых асобаў, па якой ён праходзіць у якасці падазраванага. Пасля адхілення Каўхуты абавязкі кіраўніка Мінпрыроды выконвала першы намеснік міністра Ія Малкіна.

Лукашэнка акцэнтаваў увагу Андрэя Худыка на пошуку і выяўленні новых пакладаў карысных выкапняў: "Што мы ведаем пра нашу краіну? Тое, што на паверхні, мы гэта бачым. А вось што там — пад зямлёй — не ўсе. Таму ваша задача — разабрацца, што там, пад зямлёй. І перш за ўсё тое, што нам вельмі неабходна сёння. Разумееце, пра што ідзе гаворка".

Ён звярнуў увагу новага міністра на яшчэ адну важную задачу — ахову навакольнага асяроддзя. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, яму ўласцівае "надзвычай паважлівае" стаўленне да прыроды, таму ён патрабуе "няўхільнага" выканання сваіх рашэнняў па яе ахове.

У Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі, у тым ліку суседнімі, "наведзены парадак" у пытанні аховы навакольнага асяроддзя, бо ў краіне "жорсткае стаўленне да парушальнікаў", адзначыў Лукашэнка. "Але ўсё больш і больш мяне інфармуюць, што ў нас з'явілася нямала праблем, звязаных з той сферай, якая кантралюецца інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету. Вельмі непрыгожыя факты прасочваюцца. Але вы ведаеце, якія мы меры прымаем. Гэта будуць самыя жорсткія меры", — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

"Прырода — гэта дар Божы", — заявіў Лукашэнка. Беларусы яе "павінны захаваць і яшчэ ў лепшым стане перадаць сваім дзецям і ўнукам". "Таму займіцеся сур'ёзна, як вы гэта ўмееце рабіць. Займіцеся навядзеннем парадку і дайце вынік па рэсурсах і ахове нашай прыроды. Усе гэтыя кар'еры, жывёлагадоўчыя фермы, адкуль жыжка ў раку цячэ", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама раскрытыкаваў якасць прагнозаў надвор'я, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні дэпартамента па гідраметэаралогіі Мінпрыроды.

"Іх прагнозы часам не тое што чытаць... Часам, прачытаўшы, хочацца, каб наогул нічога там не прагназавалі. Там больш за тысячу чалавек. Займіцеся гэтай структурай і навучыцеся працаваць у структуры — зусім невялікая ў нашым войску ёсць, у ВПС і войсках СПА: на трое сутак інфармацыя па гадзінах, і ні разу не памыляліся... І калі я чытаю вашу інфармацыю, а я кожны дзень яе атрымліваю, у мяне жаданне проста разагнаць гэтую арганізацыю. Калі не ўмееце працаваць, звяжыцеся з ваеннымі ўжо, навучыцеся ў іх працаваць", — даручыў Лукашэнка новаму міністру.

Андрэй Худык нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Астраўчане Камянец-Падольскага раёна Хмяльніцкай вобласці Украіны. Скончыў сельскагаспадарчы інстытут у Ленінградзе, Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры прэзідэнце РФ.

Працаваў на Камянец-Падольскім цэментным заводзе ва Украіне, розных сельгаспрадпрыемствах у заходняй частцы Беларусі. Узначальваў калгас імя Кірава ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці, кіраваў Браслаўскім аграпрамысловым камбінатам у Віцебскай вобласці. У 2001—2002 гадах займаў пасаду першага намесніка старшыні Ваўкавыскага райвыканкама. Да 2011 года кіраваў Дзятлаўскім, а потым — Лідскім райвыканкамамі. У 2011—2013 гадах займаў пасаду намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама, у 2013—2014 гадах быў старшынёй Гродзенскага гарвыканкама. Затым быў прызначаны намеснікам кіраўніка справамі прэзідэнта.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239