Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/15/920413_920414/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 19:37
15.09.2017 17:00 Эканоміка, Фінансы

Беларусь атрымала расійскі крэдыт на 700 млн долараў (дапоўнена)

Мінск, 15 верасня. Беларусь атрымала дзяржаўны крэдыт Расійскай Федэрацыі ў аб'ёме 700 млн долараў ЗША, паведаміла прэс-служба беларускага Міністэрства фінансаў.
Адзначаецца, што "ў развіццё дамоўленасцяў аб выдзяленні Беларусі ў 2017 годзе дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расійскай Федэрацыі, дасягнутых на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў Беларусі і Расіі ў красавіку", 30 жніўня ў Маскве падпісана міжурадавае пагадненне аб выдзяленні ўраду Беларусі дзяржаўнага фінансавага крэдыту на тэрмін 10 гадоў на суму 700 млн долараў ЗША ў эквіваленце.

"15 верасня 2017 года сродкі дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расійскай Федэрацыі ў поўным аб'ёме залічаны на рахунак Міністэрства фінансаў", — інфармуе Мінфін.

Як паведамляў БелаПАН, крэдыт выдзяляецца ў расійскіх рублях і прызначаны для рэфінансавання абавязацельстваў Беларусі перад Расіяй па раней атрыманай міждзяржаўнай пазыцы. Крэдыт будзе пагашацца двума штогадовымі траншамі, у красавіку і кастрычніку, пачынаючы з 2018 года.

Пра наяўнасць дамоўленасці выдзеліць Беларусі міждзяржкрэдыт на 700 млн долараў было заяўлена ў пачатку красавіка па выніках сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі 4 красавіка паведаміў, што Расія рэфінансуе пазыкі Беларусі ў 2017 годзе. "Мы гаворым аб рэфінансаванні доўгу, які ў нас да пагашэння ў рамках нашых міждзяржаўных крэдытаў па гэтым годзе. Гэта каля 750—800 млн — асноўны доўг і сума працэнтаў да пагашэння ў гэтым годзе", — растлумачыў віцэ-прэм'ер.

Плацяжы Беларусі па знешнім і ўнутраным дзяржаўным доўгу ў гэтым годзе складаюць каля 3,5 млрд долараў. З іх на плацяжы па знешнім доўгу накіроўваецца 1,8 млрд долараў, унутраным — 1,7 млрд. Самыя буйныя сумы ў кошт пагашэння знешняга дзярждоўгу сёлета Беларусь павінна пералічыць Расіі (741,3 млн долараў), Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця (487,9 млн) і Кітаю (381,7 млн).

Знешні дзяржаўны доўг Беларусі на 1 жніўня склаў 15,6 млрд долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 2 млрд долараў, або на 14,3%.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН