Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/15/920449_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 19:34
15.09.2017 20:04 Грамадства

Прадстаўнік Мінабароны Беларусі: Асноўныя дзеянні вучэнняў "Захад-2017" праходзяць на беларускай тэрыторыі

Мінск, 15 верасня. Нягледзячы на тое што сумесныя стратэгічныя вучэнні "Захад-2017" праводзяцца ў Беларусі і Расіі, асноўныя дзеянні ажыццяўляюцца на беларускай тэрыторыі, заявіў на брыфінгу 15 верасня афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімір Макараў. Брыфінг быў прысвечаны вынікам другога дня вучэнняў.

Ён нагадаў, што на вучэннях на беларускай тэрыторыі задзейнічаныя шэсць палігонаў: 227-мы агульнавайсковы палігон Барысаўскі, 174-ты вучэбны палігон ВПС і войскаў СПА Даманаўскі, 210-ты авіяцыйны палігон Ружанскі, палігоны Лепельскі, Ласвіда, Асіповіцкі. Таксама задзейнічаныя ўчасткі мясцовасці ў раёне Дрэтуні і Глыбокага ў Віцебскай вобласці. На тэрыторыі Расіі задзейнічаныя тры палігоны: Лужскі, Стругі Чырвоныя і Праўдзінскі. Пры гэтым у вучэннях на тэрыторыі Беларусі бярэ ўдзел каля 10.200 чалавек з 12.700 ваеннаслужачых, якія былі задзейнічаныя у вучэннях у цэлым.

Афіцыйны прадстаўнік Мінабароны Беларусі адзначыў, што на першым этапе вучэнняў — 14—16 верасня — Аб'яднаным камандаваннем рэгіянальнай групоўкі войскаў намечана завяршыць падрыхтоўку войскаў да баявога прымянення па ізаляцыі раёнаў дзеянняў незаконных узброеных фарміраванняў і дыверсійна-разведвальных груп умоўнага праціўніка, нарошчванне групоўкі ВПС і войскаў СПА для прыкрыцця важных дзяржаўных і ваенных аб'ектаў, падрыхтоўку да адбіцця магчымай агрэсіі, а таксама адпрацоўку пытанняў арганізацыі ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння.

У другі дзень вучэнняў, паводле інфармацыі Макарава, у штабах усіх узроўняў адпрацоўваліся пытанні кіравання падначаленымі сіламі і сродкамі пры вядзенні імі спецыяльных і засадных дзеянняў, падтрыманні рэжыму ваеннага становішча. Асаблівая ўвага надавалася недапушчэнню пранікнення дыверсійна-разведвальных груп і незаконных узброеных фарміраванняў у раёны засяроджвання воінскіх частак.

Злучэнні і воінскія часці ВПС і войскаў СПА выконвалі задачы баявога дзяжурства па СПА.

Экіпажы самалётаў ВПС і войскаў СПА Узброеных сіл Беларусі, Ваенна-касмічных сіл Расіі адпрацоўвалі пытанні стрымання дастаўкі лёгкаматорнай авіяцыяй па паветры зброі і боепрыпасаў у раёны дзеянняў незаконных узброеных фарміраванняў і бандфармаванняў са становішча дзяжурства на аэрадроме і з зоны дзяжурства ў паветры.

На Барысаўскім палігоне 15 верасня працягваліся мерапрыемствы непасрэднай падрыхтоўкі да баявых дзеянняў, адпрацоўваліся пытанні вядзення разведкі. Праведзеныя тактычныя вучэнні з рэактыўнай батарэяй 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады.

На палігоне Лепельскі праведзены розыгрыш баявых дзеянняў па адбіцці нападу дыверсійна-разведвальных груп на раён засяроджвання і пункт кіравання.

На палігоне Даманава зенітныя ракетныя падраздзяленні здзейснілі марш у новы пазіцыйны раён. Адпрацоўваліся пытанні арганізацыі СПА на маршы, аховы і абароны пазіцый.

Падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый выконвалі задачы па ўзмацненні аховы ўчастка дзяржаўнай мяжы, праводзілі адмысловыя дзеянні ў раёнах адказнасці.

На Дрэтуні створаныя паветрана-пошукавыя штурмавыя групы са складу паветрана-дэсантных падраздзяленняў 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады на верталётах Мі-8 МТ пры падтрымцы баявых верталётаў Мі-24, выявіўшы ўмоўнага праціўніка, высадзілі пошукавыя групы пасадачным спосабам на непадрыхтаваную пляцоўку прызямлення. З дапамогай беспілотнага авіяцыйнага комплексу была праведзеная даразведка месца базавання ўмоўнага праціўніка. Адпрацаваныя пытанні знішчэння праціўніка пры падтрымцы удараў авіяцыі непасрэднай авіяцыйнай падтрымкі і штурмавой авіяцыі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН