Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/15/920466_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:35
15.09.2017 20:35 Палітыка

Купчына на канферэнцыі ў Вене звяртала ўвагу на ініцыятыву Лукашэнкі аб запуску новага Хельсінкскага працэсу

Мінск, 15 верасня. Пасол Беларусі ў Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік пры міжнародных арганізацыях у Вене Алена Купчына ўзяла ўдзел у канферэнцыі "Перспектывы ўстойлівага міру ў Еўропе: бачанне ААН, роля парламентарыяў і грамадзянскай супольнасці", якая прайшла 15 верасня ў Венскім міжнародным цэнтры.

У канферэнцыі таксама ўзялі ўдзел прэзідэнт Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крысцін Мутанен, парламентарыі з Аўстрыі, Італіі, Украіны і Чэхіі, прадстаўнікі навуковых колаў і грамадзянскай супольнасці.

Як паведамляе прэс-служба МЗС, Купчына выступіла падчас тэматычнай сесіі "Еўропа — Еўразія і Балканы: умацаванне даверу і забеспячэнне супрацоўніцтва". У сваім выступе яна адзначыла неабходнасць пераадолення канфрантацыі, блокавага мыслення і раздзяляльных ліній, пашырэння эканамічнага супрацоўніцтва і наладжвання дыялогу паміж інтэграцыйнымі аб'яднаннямі на еўрапейскім кантыненце, ліквідацыі гандлёвых і тэхнічных бар'ераў.

"Алена Купчына акцэнтавала безальтэрнатыўнасць інклюзіўнага дыялогу і міждзяржаўнага супрацоўніцтва. У сувязі з гэтым увага была прыцягнутая да ініцыятывы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб запуску новага Хельсінкскага працэсу з мэтай зніжэння напружанасці і адраджэння сапраўднага духу супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і агульнай бяспекі ў Еўропе", — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Нагадаем, з ініцыятывай пачаць дыскусію на тэму арганізацыі новага Хельсінкскага працэсу ("Хельсінкі-2") выступіў Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ 5 ліпеня ў Мінску. Пазней ён патлумачыў, што беларуская ініцыятыва адлюстроўвае занепакоенасць негатыўнымі тэндэнцыямі развіцця рэгіянальных працэсаў. "Гэты крок не варта ўспрымаць як нейкую гучную міжнародную ініцыятыву дзеля ініцыятывы. Ён у першую чаргу адлюстроўвае нашу ацэнку і занепакоенасць негатыўнымі тэндэнцыямі развіцця рэгіянальных працэсаў", — падкрэсліў Лукашэнка.

Заключны акт нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкскі заключны акт) быў падпісаны кіраўнікамі 35 дзяржаў 1 жніўня 1975 года ў Хельсінкі. У ім краіны пацвердзілі сваю прыхільнасць паляпшэнню адносін і забеспячэнню таго, каб народы жылі ва ўмовах сапраўднага і трывалага міру, будучы агароджанымі ад любой пагрозы іх бяспецы. У акце зацверджаныя дзесяць прынцыпаў узаемаадносін паміж дзяржавамі.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН