Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/15/eu_eu_920387_920388/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 20:52
15.09.2017 16:06 Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Русы: Неабходна наладзіць дакладную працу з Літвой па АЭС

Мінск, 15 верасня. Неабходна ўдасканаліць заканадаўства ў галіне выкарыстання прыродных рэсурсаў і наладзіць дакладную працу з Літвой па АЭС. Пра гэта 15 верасня ў Мінску заявіў намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы, прадстаўляючы калектыву Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя новага кіраўніка ведамства Андрэя Худыка.

"Павінна быць цвёрдая пазіцыя ў працы з нашымі суседзямі. Што тычыцца АЭС — ёсць правілы, ёсць законы, ёсць канвенцыя, мы дакладна выконваем гэтыя каноны", — прыводзіць словы Русага прэс-служба ўрада. Ён таксама падкрэсліў, што гэтае пытанне "не трэба палітызаваць".

Акрамя таго, віцэ-прэм'ер звярнуў увагу на праблему вырубкі дрэў у Белавежскай пушчы з боку Польшчы і адзначыў "неабходнасць аховы гэтага знакавага прыроднага аб'екта".

Русы даручыў удасканаліць заканадаўства ў галіне выкарыстання прыродных рэсурсаў. "Трэба вывучыць, што неабходна адрэгуляваць на заканадаўчым узроўні. Мы заўсёды аператыўна адказваем на вашы прапановы", — заявіў намеснік прэм'ер-міністра. Ён прывёў у прыклад прынятыя нядаўна меры для рацыянальнага выкарыстання рыбалоўных угоддзяў. Указам № 247 быў устаноўлены парадак перадачы ў арэнду рыбалоўных угоддзяў (азёры, натуральныя вадаёмы) і зямельных участкаў па ўзгадненні з прэзідэнтам, укаранёна комплексная схема размяшчэння паверхневых водных аб'ектаў (сажалкі і абводненыя кар'еры), прыдатных для вядзення рыбаводства, на падставе якой мясцовыя саветы дэпутатаў будуць перадаваць іх у арэнду. Для рэалізацыі права насельніцтва на бясплатнае аматарскае рыбалоўства дакументам прадугледжана не перадаваць у арэнду ўчасткі вадацёкаў (рэкі, ручаі, каналы). "Па гэтым пытанні была цвёрдая пазіцыя Мінпрыроды. Я далажыў кіраўніку дзяржавы, і рашэнні былі прынятыя аператыўна", — дадаў Русы.

Акрамя таго, ён звярнуў увагу на неабходнасць супрацоўніцтва з замежнымі калегамі. "Трэба выпрацоўваць адзіныя падыходы, шукаць агульныя праекты, выкарыстоўваць сістэму малых грантаў, сістэму працы з Сусветным банкам па прыцягненні і крэдытных рэсурсаў, і грантавых паступленняў. Лясны сектар пацвярджае эфектыўнасць такой працы. Ёсць яшчэ цэлы шэраг прыкладаў: сістэма малых грантаў дапамагае прыводзіць у парадак школы, дзіцячыя сады, дапамагае і ў прыродаахоўнай сферы. Гэтым трэба займацца, гэта дае свае вынікі", — адзначыў намеснік прэм'ер-міністра. Ён таксама даручыў удасканаліць працу з кадрамі і сістэму падрыхтоўкі дакументаў у міністэрстве.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гродзенская вобласць), паблізу ад беларуска-літоўскай мяжы, за кошт крэдыту Расіі і па расійскім праекце. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты. Літва сцвярджае, што работы вядуцца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Мінск гэтыя прэтэнзіі адхіляе.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН