Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/18/eu_eu_920663_558964/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2019 11:12
18.09.2017 13:28 Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Еўрасаюз мае намер выдзеліць Беларусі яшчэ 14,5 млн еўра на падтрымку прадпрымальніцтва

Мінск, 18 верасня. Еўрасаюз мае намер выдзеліць Беларусі 14,5 млн еўра на падтрымку прадпрымальніцтва згодна з праектам новай дамовы паміж ЕС і Беларуссю. Як паведамляе прэс-служба Мінэканомікі, 15 верасня праект абмяркоўваўся на сустрэчы намесніка міністра эканомікі Паўла Уцюпіна з кіраўніком аддзела праектаў і праграм прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Фрэдэрыкам Куне.

"Канкрэтныя напрамкі фінансавай дапамогі Еўрапейскага саюза, прадугледжаныя названым пагадненнем, найбліжэйшым часам будуць абмяркоўвацца з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі. Рэалізацыя гэтых пагадненняў прадугледжаная шматгадовай індыкатыўнай праграмай для Рэспублікі Беларусь на 2014—2017 гады, прынятай Еўрасаюзам ў 2014 годзе для аказання садзейнічання ў галіне сацыяльнай палітыкі, падтрымкі экалогіі і эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні", — удакладнілі ў прэс-службе.

Бакі таксама падпісалі пагадненне паміж ЕС і ўрадам Беларусі аб выдзяленні 6 млн еўра для правядзення даследаванняў і мерапрыемстваў, скіраваных на павышэнне эфектыўнасці ў галінах дзяржаўнага кіравання, адукацыі і сацыяльнай абароны, фінансавым сектары.

Як паведамлялася, 13 верасня ў межах візіту ў Мінск прэзідэнта Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сумы Чакрабарці было падпісанае пагадненне паміж ЕС і ЕБРР аб выдзяленні банку сродкаў на аказанне падтрымкі развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва "ў якасці асноўнай рухальнай сілы мясцовага і рэгіянальнага росту ў Рэспубліцы Беларусь". Агульны аб'ём грантавага фінансавання з боку ЕС складае таксама 6 млн еўра.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН