Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/19/920775_12345/
Дата раздрукоўкі: 01.12.2020 23:54
19.09.2017 09:55 Грамадства, Палітыка

Справаздача БДІПЧ АБСЕ: У Беларусі перашкаджаюць законнай дзейнасці праваабаронцаў

Мінск, 19 верасня. У Беларусі ў 2014—2016 гадах адзначаныя шматлікія перашкоды законнай дзейнасці праваабаронцаў, гаворыцца ў справаздачы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ).

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96, дакумент "Адказнасць дзяржаў: абарона праваабаронцаў у рэгіёне АБСЕ (2014—2016 гады)" быў прадстаўлены ў кулуарах нарады па чалавечым вымярэнні, якая праходзіць у Варшаве. Яна ацэньвае выкананне дзяржавамі — ўдзельніцамі АБСЕ міжнародных стандартаў, выкладзеных у кіруючых прынцыпах па абароне праваабаронцаў, апублікаваных БДІПЧ ў 2014 годзе. Інфармацыя і высновы ў справаздачы заснаваныя на звестках, атрыманых ад урадаў краін і ў выніку правядзення даследаванняў на месцах, а таксама ад праваабаронцаў і нацыянальных праваабарончых устаноў з усяго рэгіёна АБСЕ.

У прыватнасці, гаворыцца ў справаздачы, актывістам у Беларусі адмаўляюць у доступе ў месцы пазбаўлення волі. Акрамя таго, адзначаецца, што праваабаронцы робяцца ахвярамі адвольных затрыманняў, паклёпніцкіх кампаній, анлайн- і афлайн-цэнзуры.

"Улады працягвалі блакаваць сайты праваабарончых арганізацый, відавочна, каб перашкодзіць доступу грамадскасці да іх справаздач", — гаворыцца ў дакуменце.

Праваабаронцы таксама адзначылі цяжкасці, з якімі сутыкаюцца журналісты і супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі, абмежаванні і штрафы, якія накладаюцца на праваабаронцаў за арганізацыю або ўдзел у мірных сходах, адмовы ўладаў у задавальненні просьбаў аб рэгістрацыі НДА, у тым ліку дзясяткаў грамадскіх арганізацый і некалькіх праваабарончых арганізацый у 2014—2016 гадах.

"Гэтыя заявы былі адхіленыя па розных, відавочна, адвольных прычынах, — гаворыцца ў даследаванні. — Дзейнасць незарэгістраваных НДА ў Беларусі па-ранейшаму забароненая на ўзроўні закона, а парушэнне абмежаванняў караецца зняволеннем тэрмінам да двух гадоў".

У справаздачы таксама падкрэсліваецца слабое ўключэнне грамадзянскай супольнасці ў кансультацыі па праектах законаў і рашэнняў дзяржаўных органаў, а таксама адзначаецца прэферэнцыйны падыход да праўладных НДА ў гэтым пытанні.

Беларускія праваабаронцы паведамляюць пра незаконныя і непрапарцыйныя абмежаванні на іх права на свабоду перамяшчэння.

Справаздача асобна згадвае справу вядомай праваабаронцы, старшыні праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі LawTrend Алены Танкачовай, якая была высланая з Беларусі на тры гады "відавочна, у сувязі з яе працай у галіне правоў чалавека ў краіне".

У цэлым, як гаворыцца ў справаздачы, у рэгіёне АБСЕ колькасць і сур'ёзнасць пагроз і нападаў на праваабаронцаў працягваюць расці на працягу апошніх трох гадоў.

БДІПЧ адзначае, што праваабаронцы ў рэгіёне АБСЕ сутыкаюцца з неапраўданымі абмежаваннямі на роўнае ажыццяўленне сваіх правоў і асноўных свабод, а таксама становяцца ахвярамі пагроз і нападаў з боку як дзяржаўных, так і недзяржаўных суб'ектаў, за што злачынцы вельмі часта не нясуць ніякай адказнасці. Асаблівую заклапочанасць БДІПЧ выклікае той факт, што абаронцы правоў чалавека найбольш уразлівыя перад парушэннямі, калі яны абараняюць правы жанчын, этнічных меншасцяў і прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці.

Сярод пазітыўных тэндэнцый згадваюцца перадавыя практыкі ў асобных дзяржавах  — удзельніцах АБСЕ, накіраваныя на абарону праваабаронцаў, у тым ліку дзяржаўная палітыка, урадавыя праграмы і механізмы, а таксама кансультацыі з праваабаронцамі пры распрацоўцы заканадаўства і дзеянняў, якія тычацца ажыццяўлення правоў чалавека.

"Высновы справаздачы адзначаюць звужэнне грамадскай прасторы, у якой грамадзянская супольнасць здольная эфектыўна гуляць сваю важную ролю ў аказанні дапамогі па абароне і заахвочванні правоў усіх прадстаўнікоў усіх нашых грамадстваў, — заявіла дырэктар БДІПЧ Інгіб'ёрг Сольрун Гісладотыр. — Пагрозы і напады на праваабаронцаў удвая шкодныя: як для іх уласнай бяспекі, так і для бяспекі тых людзей, дзеля абароны якіх яны працуюць".
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239