Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/19/920803_12345/
Дата раздрукоўкі: 01.12.2020 23:22
19.09.2017 13:01 Эканоміка

Лукашэнка лічыць неабходным павысіць ролю Савета па развіцці прадпрымальніцтва

Мінск, 19 верасня. Аляксандр Лукашэнка згодны з тым, што прапановы Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце павінны быць абавязковыя да разгляду урадам. Гэтая тэма абмяркоўвалася 19 верасня падчас даклада міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага кіраўніку дзяржавы.

"Вы прапануеце прыняць рашэнні па Савеце па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце, каб ён быў больш залучаны ў працэсы, якія адбываюцца ў асяроддзі прадпрымальнікаў. Асабліва калі мы мяняем нейкія правілы або з'яўляюцца новыя правілы, каб савет мог уносіць прапановы, абмяркоўваць гэтыя прапановы ва ўрадзе, міністэрствах, ведамствах. Добрая норма, я з ёй згодны", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

"Калі савет уносіць прапанову ва ўрад, яна абавязкова павінна быць разгледжаная, я згодны з павышэннем ролі савета. Мы павінны яшчэ раз паглядзець на склад гэтага савета і зрабіць яго дзейсным інструментам", — дадаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што зняцце адміністрацыйных бар'ераў павінна пацягнуць узмацненне адказнасці бізнесу: "Мы здымаем практычна ўсе бар'еры. З іншага боку, я патрабаваў вельмі строгую адказнасць бізнесменаў, кіраўнікоў кампаній за вынік, за тое, што адбываецца ў іх у фірмах. Дапусціўшы нейкія пралікі, не дай бог, загінулі людзі — збірайся і ідзі ў турму. А як інакш? Вось вам свабода і ніякай адказнасці? Не".

Лукашэнка сцвярджае, што ён сустракаўся з бізнесменамі, і яны згодныя з патрабаваннямі аб узмацненні адказнасці. "І мяне ўжо многія папярэджваюць: глядзіце не адыдзіце ад кантролю за намі. Калі вы не жадаеце страціць кіравальнасць ў эканоміцы і (даслоўна кажу) спарадзіць у краіне бардак, кантроль павінен быць. Я супраць залішняга кантролю, але трэба пакінуць тыя кантрольныя функцыі, якія патрэбныя дзяржаве", — заявіў ён.

Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце быў створаны ў 1999 годзе. У яго склад уваходзяць каля 20 чалавек, у тым ліку бізнесмены, якія трапілі ў апошнія гады пад крымінальны пераслед, Юрый Чыж, Яўген Баскін, Віталь Кастагораў і Андрэй Паўлоўскі. Узначальвае савет экс-кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч.

На сустрэчы з прадпрымальнікамі ў лютым гэтага года Лукашэнка заявіў пра неабходнасць перафарматаваць працу Савета па развіцці прадпрымальніцтва. "Адзіны савет, які створаны пры прэзідэнце, вельмі дрэнна працуе. Мы зараз яго сур'ёзна рэфармуем. Мы зараз падбіраем добрага старшыню, які б рэсурс нейкі адміністрацыйны меў, каб мог дастукацца да прэзідэнта ў любы час", — сказаў ён.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239