Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/19/920807_200563/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 00:29
19.09.2017 13:15 Грамадства

Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд гімназісту, асуджанаму за замах на забойства настаўніцы

Мінск, 19 верасня. Вярхоўны суд Беларусі 19 верасня пакінуў без зменаў прысуд мінскаму гімназісту Данату Скакуну, асуджанаму за замах на забойства настаўніцы, — восем гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі.
Прысуд абскардзілі бацькі абвінавачанага як законныя прадстаўнікі і яго абаронцы. Пасяджэнне прайшло ў закрытым рэжыме без абвінавачанага і пацярпелай. У зале прысутнічаў бацька Скакуна і тры адвакаты. Старшыняваў суддзя Вярхоўнага суда Сяргей Гураў. Дзяржабвінавачанне падтрымліваў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Анатоль Мяцельскі.

Прысуд 16-гадоваму Данату Скакуну быў вынесены калегіяй па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда 7 красавіка. Журналісты змаглі пачуць толькі яго рэзалюцыйную частку, бо працэс і ў судзе першай інстанцыі быў закрытым, таму што абвінавачаны непаўнагадовы. Скакун знаходзіцца ў СІЗА № 1 Мінска. Пасля абвяшчэння прысуду Мінгарсуда ў бацькоў з ім было толькі адно спатканне.

Згодна са звесткамі следства, 23 мая 2016 года прыблізна ў 8.00 навучэнец мінскай гімназіі № 74 2001 года нараджэння, знаходзячыся ў школьным кабінеце, "дзейнічаючы з асаблівай жорсткасцю, нанёс настаўніцы рускай мовы і літаратуры не менш як 17 удараў нажом, у тым ліку ў вобласць жыццёва важных органаў". Параненая настаўніца здолела патэлефанаваць дачцэ і паведаміла, што на яе напалі. Дачка патэлефанавала дырэктару гімназіі, выклікала "хуткую" і міліцыю.

Падчас следства былі дапытаныя больш за 50 сведак, праведзены вялікі комплекс медыка-крыміналістычных, біёлага-генетычных і дактыласкапічных даследаванняў. Паводле вынікаў судова-медыцынскай экспертызы, цялесныя пашкоджанні, нанесеныя пацярпелай, аднесеныя да катэгорыі цяжкіх. Праведзеная ў дачыненні да непаўналетняга стацыянарная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза паказала, што юнак ў перыяд інкрымінаваных яму дзеянняў мог у поўнай меры ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Паводле інфармацыі пракуратуры Мінска, матывам здзяйснення падлеткам злачынства стала помста за нібыта неаб'ектыўную ацэнку настаўнікам яго ведаў.

Дзеянні непаўналетняга следства кваліфікавала на падставе ч. 1 арт. 14 і пп. 6, 10 ч. 2 арт. 139 КК (замах на забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёю службовай дзейнасці, учынены з асаблівай жорсткасцю).

Пацярпелая Валянціна Губарэвіч пасля абвяшчэння прысуду заявіла журналістам, што яна і яе адвакат прасілі суд "аб міласэрнасці і спагадзе да дзіцяці". З новага навучальнага года настаўніца ўжо не працуе ў гімназіі № 74.

Праваабаронцы паставілі пад сумнеў вынікі следства. 9 чэрвеня яны перадалі ў прадстаўніцтва ААН і ЮНІСЕФ у Беларусі інфармацыю пра факты парушэнняў падчас расследавання і судовага разбору па справе гімназіста. Яны ўпэўненыя, што ў гэтай справе застаўся нявысветленым шэраг істотных акалічнасцяў. У прыватнасці, як сцвярджаюць праваабаронцы, не была знойдзеная прылада злачынства, не быў высветлены матыў нападу на настаўніцу, бо па рускай мове і літаратуры ў Скакуна былі ў асноўным сямёркі і васьмёркі.

13 чэрвеня Следчы камітэт заявіў, што інфармацыя, якую некаторыя СМІ распаўсюджваюць па справе Даната Скакуна, мае вельмі аддаленае дачыненне да самой крымінальнай справы і доказных матэрыялаў. "На нашу думку, у пададзенай грамадскасці інфармацыі няма самага галоўнага — праўдзівасці. Складваецца ўражанне, што хтосьці наўмысна дэзынфармуе грамадскасць, уводзячы яе ў зман", — гаварылася ў паведамленні СК.

Разам з тым СК прызнаў, што "адсутнасць поўнай інфармацыі пра крымінальную справу запаўняецца рознага роду чуткамі, прыватнымі меркаваннямі, няслушнымі высновамі і здагадкамі". "Усёабдымная інфармацыя пра крымінальную справу Даната Скакуна будзе пададзеная пасля ўступлення прысуду ў законную сілу, г. з. пасля разгляду матэрыялаў справы ў апеляцыйным парадку ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь", — паабяцалі ў СК.
Адар'я Гуштын, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239