Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/19/920906_456987/
Дата раздрукоўкі: 21.09.2020 02:54
19.09.2017 17:01 Эканоміка

У Беларусі плануюць на 30% пашырыць пералік відаў рамесніцкай дзейнасці

Мінск, 19 верасня. Пералік рамесніцкай дзейнасці ў Беларусі плануюць пашырыць на 30%. Гэта прадугледжана праектам указа аб удасканаленні рамесніцкай дзейнасці, які абмяркоўваўся 19 верасня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з міністрам эканомікі Уладзімірам Зіноўскім, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Акрамя таго, плануецца пашырыць пералік матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца для вырабу рамеснай прадукцыі, месцаў і спосабаў яе рэалізацыі. "Сёння рамеснікі маюць права ажыццяўляць продаж сваіх вырабаў на рынках, кірмашах і іншых месцах, вызначаных мясцовымі органамі ўлады. У адпаведнасці з праектам указа яны змогуць прадаваць іх непасрэдна ў майстэрнях, дастаўляць і перасылаць пакупнікам на ўказаны адрас. Рамеснікі таксама змогуць рэкламаваць сваю прадукцыю, у тым ліку ў інтэрнэце", — паведамляе прэс-служба.

Асобна на сустрэчы абмяркоўвалася прапанова ўсталяваць магчымасць перадачы нерухомай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца або неэфектыўна выкарыстоўваецца і знаходзіцца ў рэспубліканскай або камунальнай уласнасці, у бязвыплатнае карыстанне, а пасля заканчэння трох гадоў — ва ўласнасць рамеснікам па цане, роўнай адной базавай велічыні.

Згодна са словамі Лукашэнкі, да гэтага пытання неабходна падыходзіць узважана. "Трэба вельмі акуратна ставіцца да прыватызацыі (а фактычна гэта прыватызацыя дзяржаўнай уласнасці). Гэта створана народам, і тут нам трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі", — сказаў ён.

Паводле вынікаў сустрэчы прынятае рашэнне не прапісваць асобна ў праекце ўказа гэтую норму, бо яна ўжо прадугледжаная дзейным заканадаўствам, а рэкамендаваць губернатарам і міністрам рацыянальна яе выкарыстоўваць.

"Мяркуецца, што прыняцце ўказа паспрыяе значнаму павелічэнню колькасці рамеснікаў, якіх зараз у Беларусі зарэгістравана прыблізна 23,5 тысячы", — адзначае прэс-служба прэзідэнта.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239