Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/20/921089_445566/
Дата раздрукоўкі: 17.09.2019 04:09
20.09.2017 15:53 Грамадства

Зніклага ў Белавежскай пушчы 10-гадовага хлопчыка абвясцілі ў вышук

Гродна, 20 верасня. Міліцыя горада Свіслач Гродзенскай вобласці прызнала без вестак зніклым і абвясціла ў вышук 10-гадовага хлопчыка, які 16 верасня пайшоў у Белавежскую пушчу за грыбамі і да гэтага часу не вярнуўся.

Упраўленне ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама распаўсюдзіла інфармацыю пра зніклага школьніка. Паводле сведак Свіслацкага РАУС, адшукваецца 10-гадовы жыхар вёскі Новы Двор Максім Мархалюк, вучань 5-га класа мясцовай школы. Ён пайшоў у лес прыкладна ў 18.30 16 верасня, да гэтага часу яго месцазнаходжанне невядомае.

На дзіцяці былі чорныя туфлі, спартыўныя цёмна-сінія штаны з белымі палоскамі па баках, байка з капюшонам цёмна-карычневага колеру з аранжавымі плямамі, камізэлька вішнёвага колеру з уцяпляльнікам. Хлопчык быў без галаўнога ўбору.

Дзіця хударлявага целаскладу, рост 134 сантыметры, валасы русыя, коратка падстрыжаныя, вочы шэрыя. Асаблівая прыкмета — радзімая пляма ў вобласці жывата.

Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра месцазнаходжанне зніклага школьніка, паведаміць па тэлефонах (8033) 688-62-50, (8029) 572-30-12, (801513) 33-282 альбо ў найбліжэйшае аддзяленне міліцыі па нумары 102.

Пошукі зніклага ў пушчы дзіцяці ідуць ужо чацвёртыя суткі. Блізу вечара аўторка колькасць людзей, якія ўдзельнічаюць у пошуках, перавысіла тысячу. Гэта супрацоўнікі РАУС Свіслацкага, Бераставіцкага, Ваўкавыскага раёнаў, ратавальнікі МНС, служачыя ўнутраных войскаў, прадстаўнікі добраахвотніцкіх пошукава-ратавальных атрадаў "Цэнтр Спас" з Гродна, "Анёл" з Мінска і іншых гарадоў Беларусі, мясцовыя жыхары, валанцёры з усёй краіны. У аўторак знайшоўся сведка, які 16 верасня бачыў падобнага на Максіма хлопчыка ў пушчы на поўдзень ад Новага Двара. У гэты раён накіраваныя дадатковыя пошукавыя атрады.
Іна Грышук, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН