Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/20/eu_eu_920984_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2018 13:42
20.09.2017 10:18 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Грыбаўскайтэ: Расія выкарыстоўвае ў якасці зброі энергетычны шантаж, узводзячы небяспечную АЭС у Беларусі, за 40 кіламетраў ад Вільнюса

Мінск, 20 верасня. Масква звяртаецца да "энергетычнага шантажу", узводзячы ў Беларусі "небяспечную Астравецкую АЭС", заявіла прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Даля Грыбаўскайтэ, выступаючы 19 верасня ў Нью-Ёрку на сесіі Генасамблеі ААН.

"Расія здаўна выкарыстоўвае ў якасці зброі энергетычны шантаж. У Беларусі, усяго за сорак кіламетраў ад сталіцы Літвы, яна будуе небяспечную Астравецкую АЭС, якая ўяўляе сабой геапалітычную зброю, паколькі будуецца без выканання асноватворных міжнародных ядзерных стандартаў", — цытуе Грыбаўскайтэ Цэнтр навін ААН.

Літоўскі прэзідэнт таксама заявіла, што ў гэтыя хвіліны "каля 100 тысяч расійскіх вайскоўцаў ўдзельнічаюць у наступальных ваенных вучэннях "Захад-2017" на мяжы краін Балтыі, Польшчы і нават у Арктыцы". Паводле яе слоў, "Крэмль адпрацоўвае сцэнарыі нападу на сваіх суседзяў, нападу на Захад".

"Сёння ўвага свету прыкаваная да Паўночнай Карэі і Сірыі, але тыя ж метады запалохвання і агрэсіі выкарыстоўваюцца Расіяй ва Украіне і ўздоўж усходніх межаў НАТА", — сказала прэзідэнт Літвы.

"Будучы пастаянным членам Савета бяспекі ААН, Расія нясе асаблівую адказнасць за падтрыманне міжнароднага міру, але, парушаючы Статут ААН, яна здзейсніла напад на Грузію, незаконна анексавала Крым і непасрэдна ўдзельнічае ў вайне ва Усходняй Украіне", — сказала Грыбаўскайтэ. Яна дадала, што "арсенал Крамля не абмяжоўваецца звычайнымі ўзбраеннямі".

"Расія працягвае ўмешвацца ў выбары, ажыццяўляе кібератакі і выкарыстоўвае свае "спадарожнікі" для распаўсюджвання фэйкавых навін і згубнай прапаганды", — заявіла кіраўнік літоўскай дзяржавы.

Яна падкрэсліла, што "такія парушэнні асноўных міжнародных нормаў з боку некаторых рэжымаў у свеце не ўяўляюць сабой асобныя, незвязаныя адзін з адным выпадкі". Паводле яе слоў, яны з`яўляюцца вынікам калектыўнай няздольнасці рэагаваць на гэтыя парушэнні.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН