Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/21/921201_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.09.2018 10:46
21.09.2017 12:04 Палітыка, Грамадства

Беларускія праваабаронцы ўзімаюць праблемы з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі на Нарадзе па чалавечым вымярэнні АБСЕ ў Варшаве

Мінск, 21 верасня. Беларускія праваабаронцы падымаюць праблемы з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі на Нарадзе па чалавечым вымярэнні АБСЕ, якая праходзіць на гэтым тыдні ў Варшаве.

Так, прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава, член праваабарончага цэнтра "Вясна" (пазбаўлены афіцыйнай рэгістрацыі) Таццяна Равяка падчас дыскусіі 19 верасня распавяла пра сітуацыю ў Беларусі, перадае праваабарончы сайт spring96.org. Яна, у прыватнасці, паведаміла пра факты пазбаўлення ліцэнзій беларускіх адвакатаў, якія абараняюць грамадзян па палітычна матываваных справах. Гаворка, у прыватнасці, ішла пра нядаўняе пазбаўленне ліцэнзіі адваката Ганны Бахціной. Агульная тэндэнцыя ў Беларусі, Арменіі і Малдове — "атаясамленне адвакатаў з іх падабароннымі", адзначыла Равяка.

Яна таксама нагадала, што ў пачатку тыдня суд адмовіў у задавальненні іску 12 беларускіх праваабаронцаў з патрабаваннем абавязаць МУС скараціць тэрмін высылкі з Беларусі кіраўніка Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Алены Танкачовай.

Равяка распавяла ўдзельнікам дыскусіі пра палітычна матываваны крымінальны пераслед прадстаўнікоў незалежнага прафсаюза РЭП і наяўнасць у Беларусі трох палітычных зняволеных — прадстаўніка незалежнага прафсаюза Ігара Комліка, грамадскага актывіста Змітра Паліенкі і праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага. "Таццяна казала пра масавыя пратэсты у першай палове гэтага года на фоне пагаршэння эканамічнай сітуацыі, якія прывялі да ўзмацненне рэпрэсій супраць актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў", — паведамляе праваабарончы сайт.

Равяка таксама нагадала, што ў 2017 годзе споўнілася шэсць гадоў з моманту апублікавання дакладу АБСЕ па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў рамках Маскоўскага механізму. "На жаль, большасць рэкамендацый, як кароткатэрміновых, так і накіраваных на сістэмныя змены, засталіся нявыкананымі. Цалкам захаваныя ўсе рэпрэсіўныя інструменты, якія прыводзяцца ў дзеянне ў моманты палітычнай мэтазгоднасці", — падкрэсліла яна.

У межах нарады прадстаўнікі Беларусі таксама ўзялі ўдзел у мерапрыемстве, прысвечаным праблематыцы смяротнай кары. Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда, у прыватнасці, заявіў: "Беларусь — апошняя краіна ў Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне, і гэта, на жаль, не таўталогія, а наша рэчаіснасць". Праваабаронца нагадаў, што за час незалежнасці Беларусі было выканана каля 400 смяротных прысудаў, і падкрэсліў, што нават адносна гэтай лічбы няма дакладных звестак, паколькі пытанне смяротнага пакарання ў краіне знаходзіцца "за сур`ёзнай завесай сакрэтнасці".

Беларускія праваабаронцы распавялі аб праблемах, звязаных з рэалізацыяй правоў асуджаных на смяротнае пакаранне. Паколькі дзяржава працягвае палітыку ігнаравання сваіх абавязацельстваў па міжнародных дагаворах у галіне правоў чалавека, складана разлічваць на эфектыўнасць рашэнняў і тэрміновых мер абароны Камітэта па правах чалавека ААН, адзначылі яны.

У дыскусіі па смяротным пакаранні ўзяла ўдзел Аляксандра Якавіцкая — дачка расстралянага ў 2016 годзе грамадзяніна Беларусі Генадзя Якавіцкага. "Аляксандра распавяла асабістую гісторыю — пра пакуты людзей, для якіх прысуджаны да смерці з`яўляецца не абстрактнай фігурай, а родным чалавекам", — адзначае праваабарончы сайт.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН