Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/21/921213_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 15:03
21.09.2017 11:56 Эканоміка, Палітыка

Беларусь наведае Рамзан Кадыраў

Мінск, 21 верасня. 25 верасня адбудзецца візіт у Беларусь дэлегацыі Чачэнскай Рэспублікі пад кіраўніцтвам Рамзана Кадырава, паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык 21 верасня на брыфінгу ў Мінску.
"У ходзе запланаваных сустрэч з кіраўніцтвам нашай краіны будуць прадметна абмеркаваныя актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння, а таксама шэраг перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва", — сказаў ён.

У прыватнасці, удакладніў Мірончык, гаворка пойдзе аб паглыбленні прамысловай кааперацыі, пастаўках у Чачэнскую Рэспубліку грузавой, сельскагаспадарчай і пасажырскай тэхнікі беларускай вытворчасці, актывізацыі супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе, павелічэнні паставак прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай прадукцыі, прыцягненні беларускіх спецыялістаў да праектавання і будаўніцтву аб'ектаў у Чачні, нарошчванні экспарту беларускіх будаўнічых матэрыялаў.

Пра свой намер наведаць Беларусь Кадыраў заяўляў восенню 2016 года.

Першы раз гэта адбылося 17 лістапада пасля прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі расійскім СМІ. Лукашэнка, у прыватнасці, расказаў, што Кадыраў двойчы меў намер наведаць Беларусь, але кожны раз яму заміналі нейкія акалічнасці. "Паважаны Аляксандр Рыгоравіч! Прызнаю віну. Абавязкова прыеду ў Мінск, калі дазволіць ваш працоўны графік. А ў Чачні мы вас чакаем заўсёды!" — напісаў Кадыраў у "Твітэры".

20 лістапада ён пацвердзіў свой намер прыехаць у Мінск у інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1". "На самай справе мы, як сказаў прэзідэнт, два разы збіраліся. Нас запрашалі. Спецыялісты па розных напрамках працавалі. На вялікі жаль, у нас не атрымалася, па розных прычынах. Я абавязкова збіраюся паехаць у Беларусь тады, калі будзе зручна для кіраўніцтва Беларусі", — сказаў чачэнскі лідар.

Ён таксама пацвердзіў сваё запрашэнне Лукашэнкі наведаць Чачню. "Гэта будзе для нас вельмі важна і палітычна, і эканамічна, таму што на Каўказе, у Расіі яго вельмі любяць і паважаюць. Аляксандр Рыгоравіч — паважаны чалавек. Мы бачым, як ён абараняе інтарэсы сваёй дзяржавы. Кіраўніцтва Беларусі паказвае, што як яны, ніхто не перажывае за народ Беларусі, за дэмакратыю і росквіт", — сказаў Кадыраў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН