Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/21/eu_eu_921124_921125/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2018 05:20
21.09.2017 09:06 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Пасол Швецыі: За восем гадоў Усходняе партнёрства дасягнула нядрэнных вынікаў

Мінск, 21 верасня. Швецыя, як адзін з ініцыятараў праграмы ЕС "Усходняе партнёрства", задаволеная тым, як развіваецца гэта ініцыятыва, заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН новы пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан.

"Ініцыятыва была задумана яшчэ і для таго, каб у ЕС быў нейкі геаграфічны баланс увагі да краін-суседзяў. На наш погляд, занадта мала ўвагі надавалася гэтаму рэгіёну, — адзначыла яна. — Часам лаялі Усходняе партнёрства, але сёння ўсе краіны ЕС падтрымліваюць гэту ініцыятыву. Лічу, што за восем гадоў вынік нядрэнны — тры краіны з шасці падпісалі пагадненні аб асацыяцыі (Грузія, Малдова, Украіна. — БелаПАН.), атрымалі бязвізавы рэжым з ЕС, развіваюцца эканамічныя адносіны, расце гандаль".

На думку пасла, цяпер трэба напоўніць ініцыятыву яшчэ больш канкрэтным зместам, пашырыць парадак дня, падключыць да яе рэалізацыі "іншыя ўзроўні грамадства як у краінах ЕС, так і ў краінах-партнёрах".

На пытанне, ці не паўплывала на супрацоўніцтва Беларусі з ЕС пагаршэнне адносін паміж Еўрасаюзам і Расіяй, галоўным беларускім саюзнікам, з-за падзей ва Украіне, Крысціна Юханесан адказала: "Еўрасаюз будуе адносіны з Беларуссю ў рамках Усходняга партнёрства, і гэта палітыка не змянялася. Бо Усходняе партнёрства было задумана і пачалося да захопу Крыма і ўскладнення адносін з Расійскай Федэрацыяй. ЕС не прымушае Беларусь выбіраць паміж партнёрамі. Еўрасаюз разумее становішча ўсіх краін, якія ўдзельнічаюць ва Усходнім партнёрстве, — тут гістарычныя, геаграфічныя, эканамічныя сувязі. Ад іх нікуды не ўцячэш".

"Адносіны ЕС з Расіяй — гэта ўсё ж такі іншая размова. Гэта іншая краіна, яна не ўваходзіць ва Усходняе партнёрства", — дадала пасол.

Яна падкрэсліла, што ўсім шасці краінам — удзельніцам Усходняга партнёрства (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна) прапанавана паглыбляць свае адносіны з Еўрасаюзам. "Таму ЕС імкнецца максімальна актыўна працаваць на двухбаковай аснове з краінамі-партнёрамі, у тым ліку з Беларуссю", — сказала шведскі дыпламат.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН