Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/22/921432_12345/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:40
22.09.2017 11:48 Палітыка

Кіраўнік МЗС Беларусі: Глабалізацыя працавала ў інтарэсах карпаратыўнага капіталу, яна павінна стаць больш справядлівай

Мінск, 22 верасня. Глабалізацыя спрыяла прагрэсу і эканамічнаму развіццю, але большасць насельніцтва Зямлі не змагла скарыстацца яе плёнам. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, выступаючы 21 верасня на агульнапалітычнай дыскусіі на сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Тэкст выступлення апублікаваны на сайце МЗС.

"Як вынік, мы ніяк не можам пакончыць з беднасцю, у той час як няроўнасць пастаянна павялічваецца, — сказаў Макей. — За апошнія гады шмат гаварылася, у тым ліку і з гэтай трыбуны, пра эканамічныя прычыны такіх праблем. Калі сцісла, то глабальная эканоміка не была падпарадкаваная формуле "выйграюць усе". Яна працавала ў інтарэсах карпаратыўнага капіталу, але не для простага чалавека. У выніку эканамічная глабалізацыя не стала той "хваляй, якая ўзняла б усе лодкі разам".

Паводле слоў Макея, глабалізацыя павінна стаць больш справядлівай.

Пэўныя падставы для аптымізму кіраўнік МЗС Беларусі звязвае з рэгіянальнай інтэграцыяй і новымі творчымі ідэямі ў глабальнай эканоміцы.

"Рэгіянальная інтэграцыя з'яўляецца неад'емным элементам сучаснага свету. Там, дзе гэтыя працэсы паспяхова развіваюцца, застаецца менш прасторы для палітычнай фрагментацыі, — сказаў Макей. — Беларусь з'яўляецца актыўным удзельнікам шматлікіх інтэграцыйных працэсаў у сваім рэгіёне. У апошнія некалькі гадоў Беларусь актыўна прасоўвае ідэі ўзаемадзеяння і спалучэння паміж рэгіянальнымі працэсамі. Мы называем такі падыход "інтэграцыя інтэграцый". Ён паходзіць з разумення, што сучасны свет у структурна-функцыянальных адносінах, па сутнасці, складаецца не толькі з дзяржаў, але і з рэгіёнаў. Перакананыя ў тым, што рэгіянальным працэсам таксама неабходна ўзаемадзеянне паміж сабой, як яно трэба дзяржавам".

Адным з прыкладаў новых творчых ідэй у эканоміцы Макей назваў кітайскую ініцыятыву "Адзін пояс, адзін шлях". "Ініцыятыва ўяўляе сабой новы від шматбаковых эканамічных адносін. Яна накіравана на тое, каб выгады атрымалі як усе яе асобныя ўдзельнікі, так і глабальная эканоміка ў цэлым. Гэта сапраўдны падыход па формуле "выйграюць усе". Рэспубліка Беларусь актыўна ўдзельнічае ў ёй і ўсяляк падтрымлівае ініцыятыву", — сказаў Макей.

Ён таксама дадаў: "Лічым, што" інтэграцыя інтэграцый" і ініцыятыва "Адзін пояс, адзін шлях" дапамогуць павярнуць глабальную эканоміку з рэек "разыходжання" і паставіць яе на шлях "сыходжання".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН