Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/22/921505_558896/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:49
22.09.2017 17:16 Эканоміка

ЕЭК прапануе стварыць пляцоўку для эфектыўнай аховы канкурэнцыі ва ўмовах лічбавай эканомікі

Мінск, 22 верасня. Для эфектыўнай абароны канкурэнцыі ў сферы лічбавай эканомікі ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) неабходна стварыць пастаянна дзейную рабочую пляцоўку. Пра гэта заявіў член калегіі (міністр) па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Марат Кусаінаў 22 верасня ў Ноўгарадзе (РФ), на пашыраным пасяджэнні калегіі Федэральнай антыманапольнай службы ў рамках міжнароднага мерапрыемства "Тыдзень канкурэнцыі ў Расіі".

На думку Кусаінава, рынкі ў сферы лічбавай эканомікі маюць глабальны характар, таму расследаванне і спыненне антыканкурэнтных практык магчымае толькі ў выніку міжнароднага супрацоўніцтва антыманапольных органаў.

Гаворачы пра рост ролі лічбавай эканомікі, міністр ЕЭК адзначыў, што некаторыя асаблівасці гэтай сферы патрабуюць сур'ёзнага перагляду наяўнага інструментарыя аховы канкурэнцыі. На яго думку, недастатковая вывучанасць лічбавай эканомікі і яе ўплыву на канкурэнцыю патрабуюць спалучэння працэсаў антыманапольнага расследавання з паглыбленым абменам ведамі паміж антыманапольнымі органамі і навуковай супольнасцю.

"Для абмеркавання такіх праблем у Еўразійскім саюзе мэтазгодна стварыць пастаянна дзейную рабочую пляцоўку, дзе ў дыскусіі змогуць удзельнічаць прадстаўнікі антыманапольных органаў краін саюза", — заявіў міністр ЕЭК.

Кусаінаў таксама расказаў аб працы камісіі па ахове канкурэнцыі на трансмежавых рынках у 2016—2017 гадах. За гэты час ЕЭК разгледзела 16 заяў аб парушэнні агульных правілаў канкурэнцыі, якія паступілі ад удзельнікаў рынку, а таксама ад органаў улады краін Еўразійскага саюза. Паводле вынікаў разгляду заяў, а таксама з уласнай ініцыятывы на аснове сабраных матэрыялаў і даследаванняў трансмежавых рынкаў ЕЭК распачала 10 расследаванняў паводле прыкмет антыканкурэнтных пагадненняў, злоўжывання дамінавальным становішчам і нядобрасумленнай канкурэнцыі.

"Расследаванні аб парушэнні агульных правілаў канкурэнцыі ў сферы пасажырскіх авіяцыйных перавозак і трансфарматарнай сталі скончыліся распачынаннем спраў", — дадаў міністр ЕЭК.

Зараз камісія вядзе расследаванні на трансмежавых рынках чыгуначных колаў і бетонных шпал, грузавых і легкавых аўтамабіляў, шын, металаканструкцый, сотавых тэлефонаў, крафт-паперы і інш.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН