Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/22/921510_445668/
Дата раздрукоўкі: 09.12.2019 11:41
22.09.2017 15:02 Грамадства

Генпракурор Беларусі: Робяцца крокі да разняволення дзелавой ініцыятывы і развіцця прадпрымальніцтва

Мінск, 22 верасня. У Беларусі зараз робяцца крокі да разняволення дзелавой ініцыятывы і развіцця прадпрымальніцтва. На ўзроўні кіраўніка дзяржавы прапрацоўваюцца пытанні забеспячэння прававымі сродкамі балансу паміж свабодай і адказнасцю прадпрымальнікаў. Пра гэта, як паведамляе Генеральная пракуратура, заявіў 22 верасня на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Супрацьдзеянне лжэпрадпрымальніцтву і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці" генеральны пракурор Аляксандр Канюк.

Паводле яго слоў, дзейнасць органаў крымінальнага пераследу скіраваная на прымяненне мер адказнасці, якія выключаюць негатыўны ўплыў на развіццё прадпрымальніцкага асяроддзя, канкурэнцыі і інвестыцыйнай прывабнасці. У гэтых мэтах, як адзначыў генпракурор, "бесперапынна ўдасканальваецца і заканадаўства: уведзеныя інстытут крымінальна-прававой кампенсацыі і паняцце эканамічнай (дзелавой) рызыкі, удакладнены парадак вызначэння даходу ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, за эканамічныя злачынствы стала часцей прызначацца пакаранне ў выглядзе штрафу".

Паводле інфармацыі Канюка, выключанае абранне меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да асоб, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні менш цяжкага злачынства супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, калі яны не хаваюцца ад следства і суда і маюць пастаяннае месца жыхарства ў Беларусі.

Генеральны пракурор падкрэсліў, што ў краіне дастаткова шырокае распаўсюджанне атрымала практыка стварэння лжэпрадпрымальніцкіх структур і фірмаў-аднадзёнак, прадстаўнікі якіх дзеля здабывання злачыннай нажывы дапамагаюць суб'ектам рэальнага сектара эканомікі ўхіляцца ад выплаты падаткаў, падаюць падробленыя дакументы, перанакіроўваюць фінансавыя патокі, пераводзяць безнаяўныя грашовыя сродкі ў наяўныя, наносячы істотную шкоду дзяржаўным інтарэсам.

Асаблівая ўвага, адзначыў генпракурор, пры гэтым надаецца выяўленню найбольш распаўсюджаных і небяспечных злачынстваў, якія негатыўна ўплываюць на фармаванне дзяржаўнага бюджэту і эканамічную бяспеку краіны, кампенсацыю шкоды, прычыненай дзяржаве, юрыдычным і фізічным асобам.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН