Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/22/921538/
Дата раздрукоўкі: 09.12.2019 11:35
22.09.2017 16:19 Палітыка, Грамадства

Алесь Бяляцкі звярнуўся ў ДВП з патрабаваннем захаваць бяспеку і правы палітвязня Міхаіла Жамчужнага

Мінск, 22 верасня. Старшыня ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі звярнуўся ў дэпартамент выканання пакаранняў МУС з патрабаваннем "прыняць неадкладныя меры па забеспячэнні Міхаілу Жамчужнаму тых ўмоваў адбыцця пакарання, пры якіх яго бяспека і захаванне асноўных правоў і свабодаў былі б гарантаваныя", паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

У звароце Бяляцкі падкрэслівае, што шэраг арганізацый яшчэ раней заявілі пра тое, што пазбаўленне волі Жамчужнага было прымененае ў парушэнне права на справядлівы судовы разбор, гарантаваны Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Яно грунтавалася на абвінавачаннях, справакаваных прадстаўнікамі дзяржавы, а працягласць прызначанага тэрміну пакарання відавочна непрапарцыйна правапарушэнню, у якім палітзняволены быў прызнаны вінаватым, адзначае Бяляцкі.

Акрамя таго, дадае ён, змяшчэнне Жамчужнага ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы суправаджалася неаднаразовымі грубымі парушэннямі яго правоў. "Так, у перыяд утрымання ў СІЗА-2 Віцебска Міхаіл Жамчужный паведаміў пра збіццё супрацоўнікамі ізалятара, таксама ён неаднаразова паведамляў ПЦ "Вясна" пра парушэнне яго права на абскарджанне працэсуальных рашэнняў у дачыненні да яго і дзеянняў адміністрацый папраўчых устаноў. Знаходзячыся ў папраўчай калоніі № 14, палітзняволены неаднаразова падвяргаўся накладанню неабгрунтаваных спагнанняў, быў прызнаны злосным парушальнікам рэжыму ўтрымання і пастаўлены на прафілактычны ўлік як "схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці", — адзначаецца ў звароце.

Бяляцкі звяртае ўвагу на тое, што ў пачатку 2017 года адміністрацыя калоніі без дастатковых падстаў звярнулася ў суд з просьбай змяніць рэжым утрымання Жамчужнага на турэмны, які прадугледжвае максімальную колькасць абмежаванняў для асуджанага. Аднак пазней вытворчасць па справе аб пераводзе была спыненая з ініцыятывы адміністрацыі папраўчай установы.

Асаблівую занепакоенасць у праваабаронцы выклікае той факт, што зараз у папраўчай калоніі № 9 для Жамчужнага "створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго траўлі і запалохвання, якая мае на мэце максімальна ізаляваць палітвязня ад астатніх зняволеных, абмежаваць яго ў правах і паставіць пад пагрозу яго жыццё і здароўе". "Больш за тое, працягваюцца спробы прынізіць яго чалавечую годнасць. Зараз зняволены па надуманых падставах падвергнуты дысцыплінарным спагнанням і ўтрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу", — адзначыў Бяляцкі.

Згодна са звесткамі праваабаронцаў, Жамчужнага ўвогуле могуць перавесці ў турму. Пасля пераводу ў калонію ў Горках ён ужо чатыры разы быў змешчаны ў штрафны ізалятар, з пачатку жніўня правёў там 29 сутак. Пасля выхаду з ізалятара Жамчужнаму было вынесенае чарговае спагнанне — адзін месяц утрымання ў памяшканні камернага тыпу, тэрмін якога мінае 4 кастрычніка.

Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.

Жамчужны перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі "Платформа" (папярэдніца "Платформ інавейшн" і "Нью Платформ Інавейшн"). Быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага раскрыцця звестак, якія складаюць службовую тайну, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, і даванні хабару. Праваабаронцу прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Беларускія праваабаронцы прызналі Жамчужнага палітвязнем.

Жамчужны ўтрымліваўся ў калоніі ў Навасадах (Барысаўскі раён Мінскай вобласці), затым у калоніі № 11 у Ваўкавыску (Гродзенская вобласць). 10 ліпеня палітвязень быў пераведзены ў Горкі.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН