Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/22/921567_574896/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 11:00
22.09.2017 17:45 Эканоміка

Кіраўнік ДМК: Павышэнне транзітнай прывабнасці Беларусі дазволіла павялічыць адлічэнні ў бюджэт з пачатку года амаль на 250 млн долараў

Мінск, 22 верасня. Павышэнне транзітнай прывабнасці Беларусі і стварэнне камфортных умоў для бізнесу дазволілі павялічыць адлічэнні ў бюджэт з пачатку 2017 года амаль на 250 млн долараў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведаміў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько 22 верасня на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Адным з пытанняў, абмеркаваных падчас рабочай сустрэчы, было фармаванне даходнай часткі рэспубліканскага бюджэту па напрамках, якія ўваходзяць у зону адказнасці мытных органаў. Лукашэнка пацікавіўся статыстыкай перамяшчэння тавараў, транспартных сродкаў і людзей цераз мяжу. "Мне зноў жа дакладваюць неверагодныя лічбы. Амаль на траціну павялічылася колькасць перамешчаных грузаў і людзей. Але што гэта нам дае?" — цытуе кіраўніка дзяржавы прэс-служба прэзідэнта.

Паводле слоў Сянько, беларускія мытнікі канфіскавалі забароненай да ўвозу ў Расію прадукцыі ў тры разы больш, чым расіяне на сваёй тэрыторыі. "Працягваем змагацца са спробамі вывазу з тэрыторыі нашай краіны ў бок Расіі санкцыйнай прадукцыі. За восем месяцаў гэтага года было канфіскавана прыблізна 8 тыс. тон тавараў. З пачатку гэтай санкцыйнай працы мытнай службай канфіскавана і не дапушчана да руху ў бок Расіі 21 тыс. тон санкцыйнай прадукцыі, якая накіраваная ў даход дзяржавы. Са сродкаў масавай інфармацыі, са справаздач нашых калег у Федэральнай мытнай службе мы бачым, што яны канфіскавалі прыблізна 7 тыс. тон тавараў. Мы працягваем гэтую працу", — цытуе Сянько дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Беларускія мытнікі ў межах прадухілення ўвозу ў Расію санкцыйных тавараў правялі кантроль больш як 2 млн 300 тыс. транспартных сродкаў, што заязджалі з тэрыторыі Заходняй Еўропы, удакладніў кіраўнік ДМК. "З іх 4,7 тыс. транспартных сродкаў былі вернутыя ў краіны Заходняй Еўропы з-за таго, што таварасуправаджальныя дакументы не адпавядалі крытэрыям, устаноўленым у дачыненні да перамяшчэння тавараў, якія адносяцца да санкцыйнай групы. Такім чынам мы ахоўваем Расійскую Федэрацыю па тых абмежаваннях, якія яны ўвялі ў сябе на тэрыторыі краіны", — заявіў Сянько.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239