Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/22/921589_921590/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:12
22.09.2017 18:31 Эканоміка

Кіраўнік ДМК: Стрэсавых сітуацый для мытных органаў і бізнесу з уваходжаннем у сілу Мытнага кодэкса ЕАЭС не чакаецца

Мінск, 22 верасня. Падчас рабочай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыем Сянько 22 верасня ў Мінску было закранута пытанне ўваходжання у сілу 1 студзеня 2018 года Мытнага кодэкса ЕАЭС.

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, кіраўнік ДМК перадаў Лукашэнку першы асобнік Мытнага кодэкса Еўразійскага эканамічнага саюза. У ім сабраныя ўсе міжнародныя дамовы, якія працуюць у рамках пяці краін-удзельніц, а таксама прадугледжаны шэраг новаўвядзенняў з улікам актуальных патрэб эканомікі.

Лукашэнка пацікавіўся, як ужо сёння выбудоўваецца праца па рэалізацыі на практыцы гэтага дакумента. "Наколькі гэты Мытны кодэкс адпавядае нашаму жыццю? Натуральна, там былі пэўныя кампрамісы", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Мы ўжо практычна жывем па гэтым дакуменце. Многія навелы, якія закладзены ў новы Мытны кодэкс, мы ўжо адкачалі ў якасці эксперыменту ў Беларусі. І з 1 студзеня 2018 года ён стане паўнавартасным дакументам, якім мы будзем кіравацца ў сваёй працы, — далажыў Сянько. — Мы ўлічылі патрэбы розных нашых міністэрстваў і ведамстваў, якія адказваюць за працу эканомікі, улічылі інтарэсы бізнес-асацыяцый, якія таксама працавалі над гэтым кодэксам. І тыя нюансы, якія неабходна было аднесці на нацыянальнае заканадаўства, — ёсць частка пытанняў, якія краіны пакінулі для свайго рэгулявання".

У цэлым нейкіх стрэсавых сітуацый для мытных органаў і бізнесу з уваходжаннем у сілу гэтага дакумента не чакаецца, бо ўсе адпаведныя пытанні прапрацаваны, адзначыў кіраўнік ДМК.

Лукашэнка звярнуў увагу на пытанне аператыўнай працы мытных органаў, перш за ўсё аўтаматызацыю на мяжы. "Каб не было да нас прэтэнзій, што чэргі вялікія, ці ўдасканальваем мы гэту працу па кантролі на мяжы і пропуску тавараў, фізічных асоб і транспарту? Як у нас ідуць тут справы?" — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Сянько далажыў, што павышэнне якасці працы ў пунктах пропуску стала магчымым за кошт аўтаматызацыі пэўных працэсаў, пераходу на электроннае дэклараванне. Мытняй з пачатку гэтага года пачаты эксперымент па аўтаматычным афармленні грузаў. Паводле слоў кіраўніка ДМК, укараненне тэхнічных навацый у тым ліку дазволіла аптымізаваць штатную колькасць і структуру ў мытных органах. Камітэт таксама разлічвае ў 2018 годзе ўдасканаліць інфраструктуру ў некаторых пунктах пропуску на літоўскім і латвійскім напрамках, што дазволіць павялічыць іх прапускную здольнасць. Гэта таксама важна з пункту гледжання правядзення Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе і сумеснага з Латвіяй чэмпіянату свету па хакеі ў 2021-м, адзначыў Сянько.

Абмяркоўвалася і тэма прадухілення правозу праз мяжу забароненых тавараў. "Асабліва небяспечных, дапусцім, псіхатропных рэчываў, наркотыкаў, зброі, радыеактыўных рэчываў. Як мы даводзім гэта да нашых партнёраў на Захадзе? — задаў пытанне афіцыйны лідар. — Мы тут ловім, затрымліваем. Як яны на гэта рэагуюць? Ці бачаць яны нашу ролю у гэтай справе?"

Паводле слоў старшыні ДМК, мытнікі актыўна працуюць у гэтым кірунку. Напрыклад сёлета мытнай службай спынена 50 спробаў перамяшчэння наркатычных рэчываў праз мяжу ў бок Беларусі і Расіі, у тым ліку вельмі буйных партый.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239