Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/22/921604_921605/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:51
22.09.2017 18:47 Эканоміка

ЕЭК падпіша мемарандум з Міжнароднай арганізацыяй па стандартызацыі аб пашырэнні супрацоўніцтва і зняцці бар'ераў у гандлі

Мінск, 22 верасня. Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) плануе падпісаць мемарандум аб узаемадзеянні з Міжнароднай арганізацыяй па стандартызацыі (ІСО).

Як паведаміла прэс-служба ЕЭК, дамоўленасць аб падрыхтоўцы дакумента, які будзе накіраваны на пашырэнне супрацоўніцтва і зняцце бар'ераў у гандлі, была дасягнута 22 верасня ў Берліне на перамовах паміж членам калегіі (міністрам) па тэхнічным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі Валерыем Карашковым і генеральным сакратаром вядучай міжнароднай арганізацыі ў сферы стандартызацыі (ІСО) Серхіа Мухіку.

"Сустрэча прайшла ў рамках пасяджэння Генеральнай асамблеі ІСО ў Берліне, лейтматывам якога сталі адкрытасць і гатоўнасць да зменаў. Удзельнікі абмеркавалі будучыню стандартызацыі ў свеце і Еўразіі, яе развіццё на рэгіянальным узроўні, уключаючы рэалізацыю стратэгіі ІСО да 2020 года. Асаблівая ўвага была нададзена найбольш перспектыўным кірункам, звязаным з развіццём стандартызацыі ў высокатэхналагічных сферах эканомікі, такіх як інтэрнэт-тэхналогіі і тэхналогіі ў прамысловасці, інтэрнэту рэчаў (IoT), вялікім дадзеным (BigData), індустрыі 4.0, смарт-тэхналогіям і іншым", — паведамляе прэс-служба.

"Права Еўразійскага эканамічнага саюза, як і заканадаўства яго дзяржаў-членаў, прадпісвае выкарыстоўваць лепшыя міжнародныя патрабаванні і практыкі для зняцця тэхнічных бар'ераў у гандлі, — адзначыў Карашкоў. — У сувязі з гэтым мы разглядаем супрацоўніцтва з міжнароднымі і рэгіянальнымі арганізацыямі па стандартызацыі ў якасці найважнейшага інструмента па гарманізацыі тэхнічных патрабаванняў ЕАЭС з патрабаваннямі, якія дзейнічаюць у іншых рэгіёнах".

Дэлегацыя ЕЭК правяла шэраг сустрэч з кіраўнікамі міжнародных і рэгіянальных арганізацый па стандартызацыі, а таксама нацыянальных органаў па стандартызацыі краін — членаў ІСО.

Карашкоў абмеркаваў перспектывы далейшай працы з генеральным дырэктарам Еўрапейскага камітэта па стандартызацыі (CEN) і Еўрапейскага камітэта па электратэхнічнай стандартызацыі (CENELEC) Еленай Сант'яга Сід і прэзідэнтам CEN Бернхардам Цісам. У ходзе сустрэч была разгледжана падрыхтаваная ЕЭК дарожная карта па рэалізацыі заключанага раней з гэтымі арганізацыямі сумеснага мемарандума.

Міжнародная арганізацыя па стандартызацыі (ІСО) ажыццяўляе распрацоўку і публікацыю міжнародных стандартаў. Сфера яе дзейнасці тычыцца стандартызацыі ва ўсіх галінах, акрамя электратэхнікі і электронікі. ІСА займаецца таксама пытаннямі ацэнкі адпаведнасці. Садзейнічае развіццю стандартызацыі і сумежных відаў дзейнасці ў міжнародным маштабе з мэтай эфектыўнага абарачэння тавараў і паслуг, міжнароднаму супрацоўніцтву ў інтэлектуальнай, навукова-тэхнічнай і эканамічнай сферах. У працы ІСО ўдзельнічаюць 157 краін.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239