Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/23/921658_123456/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 10:39
23.09.2017 12:50 Эканоміка

Тавараабарот паміж Казахстанам і Беларуссю за студзень—ліпень вырас на 75,6%

Мінск, 23 верасня. Тавараабарот паміж Казахстанам і Беларуссю за студзень—ліпень гэтага года склаў 313,7 долараў ЗША, павялічыўшыся на 75,6% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Пра гэта было заяўлена 22 верасня ў Карагандзе на 13-м пасяджэнні міжурадавай беларуска-казахстанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, у якім прыняў удзел першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі.

На пасяджэнні абмеркаваны пытанні развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў сферах гандлю, інвестыцый, прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадаркі, навукі і тэхналогій, транспарту і лагістыкі.

Як паведамляе прэс-служба беларускага ўрада, бакі з задавальненнем адзначылі нарастаючую дынаміку гандлёвага абароту па выніках 7 месяцаў 2017 года.

Мацюшэўскі адзначыў, што ў Беларусі дзейнічае больш за 100 прадпрыемстваў з казахстанскімі інвестыцыямі. "Беларускі бок гатовы і надалей аказваць усебаковую падтрымку ў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, заахвочваць ўзаемавыгадныя інвестыцыі", — сказаў ён.

Бакі выказалі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым развіцці партнёрскіх адносін па нарошчванні інтэграцыі транспартна-лагістычнай інфраструктуры Казахстана і Беларусі, лакалізацыі і пашырэнні лінейкі выпускаемай прадукцыі. Таксама была разгледжана магчымасць стварэння сумеснай рабочай групы па выпрацоўцы перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва, рэалізацыі сумесных праектаў у галіне развіцця жывёлагадоўлі і раслінаводства, меліярацыі і арашэння зямель.

У лістападзе гэтага года плануецца падпісанне пагаднення аб стварэнні казахстанска-беларускага дзелавога савета паміж знешнегандлёвай палатай Казахстана і Гандлёва-прамысловай палатай Беларусі.

На лістапад таксама запланаваны афіцыйны візіт у Беларусь прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН