Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/25/921820_445566/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:55
25.09.2017 17:20 Грамадства

Урад зацвердзіў новы нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў, які змяшчае 103 мерапрыемствы

Мінск, 25 верасня. Пастановай Савета міністраў ад 22 верасня № 71 зацверджаны нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2017—2021 гады, паведамляе прэс-служба ўрада.

План уключае 103 мерапрыемствы, у тым ліку распрацоўку ўніверсальнага інфармацыйнага вэб-партала аб дзецях, забеспячэнне распаўсюджвання інфармацыі аб правах дзіцяці і павышэнне прававой і эканамічнай дасведчанасці дзяцей. Таксама плануецца працягваць рэалізацыю ініцыятывы "Бальніцы добразычлівага стаўлення да дзіцяці", павышаць кваліфікацыю медработнікаў, якія працуюць з дзецьмі, развіваць адукацыйную і псіхалагічную падрыхтоўку дзяцей да школы, праводзіць прафарыентацыю навучэнцаў старэйшых класаў, забяспечваць вольны час па-за школай. Акрамя таго, у план уключаныя праграмы ўдасканалення даступнасці дзяцей-інвалідаў да адукацыі, спорту, рэабілітацыі і сацабслугоўвання; прафілактыкі супрацьпраўных паводзін, а таксама здаровага спосабу жыцця. Асобна распрацаваная праграма па ўдасканаленні сістэмы ўсынаўлення і механізму суправаджэння сем'яў усынавіцеляў і гэтак далей.

Усе мерапрыемствы будуць рэалізоўваць рэспубліканскія органы дзяржкіравання, мясцовыя выканкамы і распарадчыя органы. Да мерапрыемстваў будуць прыцягваць грамадскія аб'яднанні, а па фінансавую і тэхнічную дапамогу плануецца звяртацца ў міжнародныя арганізацыі. Для гэтых мэтаў мясцовыя выканкамы штогод будуць распрацоўваць рэгіянальныя планы па рэалізацыі мерапрыемстваў нацплана.

У цэлым жа фінансавацца мерапрыемствы нацыянальнага плана будуць за сродкі, якія выдзяляюцца ва ўстаноўленым парадку органам дзяржкіравання, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

Ажыццяўляць каардынацыю і кантроль за ходам рэалізацыі нацыянальнага плана даручана Міністэрству адукацыі. Таксама ведамства будзе забяспечваць разгляд ходу рэалізацыі мерапрыемстваў нацыянальнага плана на пасяджэннях Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці і штогод да 20 сакавіка года падаваць інфармацыю аб яго выкананні ў Савет міністраў.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239