Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/25/921877_114785/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 00:22
25.09.2017 21:15 Грамадства

Генпракуратура ўзяла на кантроль праверку па скарзе педыятра Дзмітрыя Серады, якога збілі амапаўцы

Мінск, 25 верасня. Генеральная пракуратура ўзяла на кантроль праверку па скарзе педыятра Дзмітрыя Серады на збіванне амапаўцамі, паведаміў 25 верасня праваабарончы рэсурс spring96.org.

Генпракуратура даручыла пракуратуры Мінска вывучыць матэрыялы папярэдняй праверкі. Гарадская пракуратура, у сваю чаргу, устанавіла, што праверка праведзеная не поўна, без высвятлення істотных абставінаў, якія ўплываюць на прыняцце законнага і абгрунтаванага рашэння.

Сталічная пракуратура пастанавіла адмяніць рашэнне следчага па асабліва важных справах следчага ўпраўлення ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску Супічэнкі ад 17 ліпеня гэтага года аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, а матэрыялы для правядзення дадатковай праверкі накіраваць у следчае падраздзяленне.

"Ход правядзення праверкі знаходзіцца на кантролі ва ўпраўленні Генеральнай пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь", — адзначаецца ў лісце Серады за подпісам пракурора Пільніка.

Сам Серада падкрэслівае, што да гэтага Следчы камітэт па Мінску ўжо пяць разоў адмаўляў у распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія праводзілі яго грубае затрыманне, прычыніўшы сваімі дзеяннямі фізічную і маральную шкоду яму і яго сям'і.

Раніцай 4 жніўня 2016 года ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шыбу балконных дзвярэй у кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам на падлогу, заламалі рукі за спіну, надзелі наручнікі і, працягнуўшы збіваць ў спецаўтатранспарце, даставілі ва УУС Заводскага раёна Мінска. Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса. Мужчыну падазравалі ў эксгібіцыянізме. Праз суткі яго вызвалілі, прызнаўшы недатычным, бо пацярпелая і сведка не апазналі ў ім злачынца. Сам Середа расказаў, што ў дзень злачынства, у якім яго абвінавачвалі, быў з сябрамі на рыбалцы за 80 км ад Мінска.

Па факце затрымання Серады Следчы камітэт правёў праверку, паводле вынікаў якой у распачынанні крымінальнай справы было адмоўлена, а цялесныя пашкоджанні, нанесеныя мужчыну, прызнаныя "несапраўднымі". Пасля паўторнай скаргі ў СК зноў была адмова ў распачынанні крымінальнай справы, і Серада звярнуўся ў пракуратуру Мінска.

Не аднойчы на скаргі заяўнік атрымліваў адмовы ў распачынанні крымінальнай справы за перавышэнне службовых паўнамоцтваў асобамі, якія праводзілі затрыманне. У пачатку студзеня 2017 года пракуратура ўсё ж адкрыла крымінальную справу, аднак ніхто з супрацоўнікаў АМАПа не быў прыцягнуты да адказнасці.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239