Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/25/eu_921814_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.05.2018 07:30
25.09.2017 15:54 Палітыка

У Мінск прыбыў міністр па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі

Мінск, 25 верасня. Алан Дункан — першы брытанскі міністр, які прыехаў у Беларусь з моманту набыцця ёю незалежнасці. Візіт прымеркаваны да 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі, паведамляе пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску.
У праграме візіту Алана Дункана — сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.

Па выніках сустрэчы ў МЗС плануецца падпісаць Канвенцыю аб ліквідацыі двайнога падаткаабкладання ў дачыненнi да падаткаў на даходы і капітал і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў, паведаміў журналістам 21 верасня прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык. Чакаецца падыход Макея і Дункана да прадстаўнікоў СМІ.

Алан Дункан таксама плануе сустрэцца з лідарамі палітычных партый і рухаў, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і выпускнікамі брытанскіх універсітэтаў, паведамляе пасольства Вялікабрытаніі.

"Візіт міністра дазволіць умацаваць адносіны паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю і зразумець, як сумесныя намаганні дзвюх краін могуць спрыяць падтрыманню бяспекі і зніжэнню напружанасці ў рэгіёне", — гаворыцца ў паведамленні брытанскай амбасады. Пры гэтым адзначаецца, што ў Беларусі праходзяць сустрэчы па Мінскім працэсе для падтрымання перамір'я паміж Украінай і Расіяй.

"Візіт міністра таксама накіраваны на ўмацаванне эканамічнага развіцця і працвітання, у тым ліку шляхам далейшай дэмакратызацыі і павышэння якасці дзяржаўнага кіравання. Вялікабрытанія — трэці па велічыні рынак для беларускага экспарту. Самымі галоўнымі артыкуламі экспарту з Беларусі ў Вялікабрытанію з'яўляюцца нафта і нафтапрадукты, а з Вялікабрытаніі ў Беларусь — абсталяванне і напоі", — адзначаюць у пасольстве.

Напярэдадні прыезду ў Мінск Алан Дункан заявіў: "Як першы міністр, які наведвае Беларусь з моманту набыцця ёю незалежнасці, я спадзяюся на далейшае ўмацаванне нашых адносін і перадаю найлепшыя пажаданні народу Беларусі". "Беларусь знаходзіцца ў геаграфічным сэрцы Еўропы і мае важную ролю як у рэгіянальным, так і больш шырокім кантэксце. Я спадзяюся на плённую сустрэчу з прэзідэнтам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Макеем, — цытуе Дункана брытанскае пасольства. — Мы таксама абмяркуем бягучыя рэформы ў сферы эканомікі, судовай сістэмы і выбарчага права, якія будуць спрыяць умацаванню дабрабыту і дэмакратыі ў Беларусі".

Міністр па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі выказаў надзею на тое, што яго візіт у Беларусь "пракладзе шлях да больш глыбокіх і эфектыўных адносін у будучыні, заснаваных на ўзаемнай павазе і разуменні".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН