Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/26/921929_921930/
Дата раздрукоўкі: 28.11.2020 22:34
26.09.2017 12:20 Грамадства

Праваабаронцы паведамляюць пра вобыскі ў некаторых грамадскіх актывістаў у Мінску

Мінск, 26 верасня. Раніцай 26 верасня супрацоўнікі крымінальнага вышуку пачалі праводзіць вобыскі ў некаторых грамадскіх актывістаў, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Паводле звестак праваабаронцаў, вобыск праходзіць у доме выканаўчага дырэктара грамадскага аб`яднання "Экадом" Марыны Дубінай, журналіста-фрылансера Марыны Кастылянчанкі, а таксама ў некаторых актывістаў анархісцкага руху. Канфіскоўваюцца камп`ютары, сродкі мабільнай сувязі, літаратура. Пра затрыманні пакуль невядома.

"Магчыма, вобыскі звязаныя з крымінальнай справай па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, учыненае групай асоб), распачатай па факце падпалу кактэйлямі Молатава бігборда ў Івацэвічах 28 ліпеня", — гаворыцца ў паведамленні.

Як паведамлялася раней, Івацэвіцкі раённы аддзел Следчага камітэта расследуе справу па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, учыненае групай асоб) па факце знішчэння шляхам падпалу рэкламнага шчыта на вуліцы Клютко ў раённым цэнтры. Інфармацыя аб узгаранні паступіла ў раённы аддзел па НС 28 ліпеня каля 2.40 ад жыхароў найбліжэйшых дамоў і прахожых. На YouTube з`явіўся відэазапіс з надпісам "Івацэвічы. Акцыя анархістаў супраць міліцыі". Знята, як два чалавекі кідаюць бутэлькі з запальнай сумессю ў рэкламны шчыт з гербам Міністэрства юстыцыі і надпісам "Сіла закона ў яго выкананні".

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, у рамках правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі праваахоўных органаў па падазрэнні ва ўчыненні злачынства затрыманыя 21-гадовы жыхар Івацэвічаў і 17-гадовы жыхар Мінска. Яны змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання, з імі праводзяцца следчыя дзеянні.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239