Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/26/921977_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 08:16
26.09.2017 15:54 Эканоміка

Лукашэнка падтрымаў усе нормы праекта дэкрэта "Аб развіцці прадпрымальніцтва"

Мінск, 26 верасня. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў усе нормы праекта дэкрэта "Аб развіцці прадпрымальніцтва", паведамляе прэс-служба прэзідэнта. Дакумент абмяркоўваўся 26 верасня на сустрэчы кіраўніка дзяржавы з першым віцэ-прэм'ерам Васілём Мацюшэўскім.

Прадугледжана, у прыватнасці, увядзенне адзіных патрабаванняў пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, а таксама патрабаванняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і ветэрынарыі. Усе гэтыя патрабаванні максімальна сістэматызаваныя і скарочаныя, бо цяпер дзейныя нормы, паводле слоў Лукашэнкі, "надзвычай аб'ёмныя і ў большасці сваёй непатрэбныя". "Яны вельмі напружваюць бізнес і адцягваюць ад вырашэння канкрэтных задач. Таму гэтымі дакументамі мы зацвярджаем пералік патрабаванняў — і санітарныя ўмовы, і іншае. І ўсякія адміністрацыйныя перашкоды скарачаюцца", — заявіў прэзідэнт.

Прадугледжаны пералік патрабаванняў будзе з'яўляцца абавязковым для выканання ў ходзе ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці. Палажэнні іншых тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія змяшчаюць патрабаванні ў канкрэтных сферах, да іх адмены будуць мець для суб'ектаў гаспадарання рэкамендацыйны характар.

Лукашэнка таксама заявіў пра важнасць стабільнай і прадказальнай сітуацыі ў падатковай сферы. Да 2020 года плануецца ўвесці забарону на новыя падаткі і павышэнне падатковых ставак. "Думаю, на гэта трэба пайсці. Паглядзім, што ў нас з гэтага атрымаецца", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "І іншыя патрабаванні, у тым ліку ўстараненне залішніх адміністрацыйных бар'ераў. Каб тыя, хто хочуць адкрыць бізнес, маглі зрабіць гэта не за год-паўтара, а літаральна адразу або на працягу месяца, каб не было ніякіх бюракратычных затрымак. Мы таксама замацоўваем гэта ў гэтых дакументах", — дадаў ён.

Праект дэкрэта мінімізуе ўмяшанне дзяржавы ў працу суб'ектаў гаспадарання, узмацняюцца механізмы самарэгулявання бізнесу і яго адказнасць за сваю дзейнасць перад грамадствам пры захаванні неабходнага ўзроўню кантролю з боку дзяржавы.

Плануецца ўвесці паведамляльны парадак ажыццяўлення асобных найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці. У пералік такіх відаў дзейнасці ўвойдуць у тым ліку бытавыя і турыстычныя паслугі, дзейнасць у сферы гандлю і грамадскага харчавання, перавозак пасажыраў і багажу, вытворчасці сельгаспрадукцыі, будматэрыялаў.

Мяркуецца максімальна скасаваць адміністрацыйныя бар'еры, звязаныя з атрыманнем даведак, узгадненняў і іншай дазвольнай дакументацыі. Разам з гэтым плануецца ўстанавіць адміністрацыйную адказнасць кіраўніка за "забеспячэнне нармальнай працы прадпрыемства".

Парадак ліцэнзавання ўдасканальваецца асобным указам. Праект указа прадугледжвае, у прыватнасці, адмену шасці з 36 ліцэнзаваных цяпер відаў дзейнасці. Напрыклад, не спатрэбіцца атрыманне ліцэнзіі пры ажыццяўленні аўтамабільных перавозак пасажыраў (за выключэннем міжнародных), паліграфічнай дзейнасці, дзейнасці па аказанні псіхалагічнай дапамогі, дзейнасці, звязанай з аказаннем юрыдычных паслуг (за выключэннем рыэлтарскіх), кантролем радыеактыўнага забруджвання, аховай юрыдычнай асобай сваіх работнікаў і маёмасці, якая яму належыць.

Замацоўваецца выключнае права суда спыніць дзеянне ліцэнзіі або ануляваць яе. Пры гэтым Лукашэнка заўважыў, што недапушчальна "перагружаць судовую сістэму, перакідаючы на яе функцыі іншых органаў улады". У сувязі з гэтым "з мэтай абароны жыцця, здароўя, правоў і законных інтарэсаў грамадзян, навакольнага асяроддзя, дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў" ліцэнзуючыя органы па-ранейшаму будуць мець права прыпыніць дзейнасць суб'ектаў гаспадарання да ўстаранення iмi дапушчаных парушэнняў лiцэнзiйных патрабаванняў і ўмоў або да разгляду справы судом.

Мацюшэўскі растлумачыў, што цяпер, як правіла, у выпадку адклікання ліцэнзіі канкрэтны бізнес спыняе сваё існаванне. "Гэта вельмі адчувальнае пытанне як для самога прадпрымальніка, так і для наёмных работнікаў, грамадства ў цэлым. Для таго каб гэтую істотную рызыка нейкім чынам нівеліраваць, павінен быць спаборны працэс, калі ліцэнзуючы орган павінен у судовым працэсе даказаць тыя ці іншыя істотныя фактары, якія патрабуюць менавіта адклікання ліцэнзіі", — сказаў першы віцэ-прэм'ер.

Прадугледжана таксама, што з 1 ліпеня 2018 года выдача ліцэнзій будзе ажыццяўляцца выключна ў электронным выглядзе. Праектам указа прадугледжваецца фарміраванне і вядзенне адзінага рэестра ліцэнзій, які змяшчае звесткі аб выдадзеных ліцэнзіях, унясенні ў іх зменаў. Доступ да звестак гэтага рэестра будзе адкрыты ўсім зацікаўленым кругласутачна ў інтэрнэце на бязвыплатнай аснове.

Паводле слоў Мацюшэўскага, пакет дакументаў па лібералізацыі быў падрыхтаваны сумесна з бізнес-супольнасцю. "Яго адзіная задача — змяніць характар бізнес-асяроддзя, максімальна знізіць адміністрацыйны ўплыў на гэты працэс і выдаткі па вядзенні бізнесу, зрабіць яго максімальна празрыстым і, самае галоўнае, паслядоўным і трывалым", — сказаў ён.

Першы віцэ-прэм'ер дадаў, што ў пакеце дакументаў па лібералізацыі ў сферы бізнесу ёсць яшчэ адзін вельмі важны дакумент — праект дэкрэта па развіцці Парку высокіх тэхналогій. "Кіраўнік дзяржавы сказаў, што, можа быць, мае сэнс дапрацаваць назву, таму што нормы новага дэкрэта кажуць не аб Парку высокіх тэхналогій у першую чаргу, а працэсе трансфармацыі, лічбавання эканомікі ў цэлым. І тыя базавыя нормы, якія там закладзеныя і якія, мы спадзяемся, падтрымае кіраўнік дзяржавы, павінны кардынальна змяніць усё асяроддзе эканомікі", — заявіў Мацюшэўскі пасля сустрэчы з беларускім кіраўніком.

Чакаецца, што пададзеныя кіраўніку дзяржавы дакументы будуць падпісаныя ў хуткім часе.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН