Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/26/921989_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 09:04
26.09.2017 16:21 Эканоміка, Фінансы

Генпракурор Канюк: Агульная сума знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай завінавачанасці дасягае паўмільярда долараў

Мінск, 26 верасня. Агульная сума знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай завінавачанасці перад беларускімі суб'ектамі гаспадарання дасягае паўмільярда долараў. Пра гэта заявіў журналістам 26 верасня ў Маскве генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк падчас семінара-нарады з суб'ектамі тавараправоднай сеткі (ТПС) з беларускім капіталам, паведамляе прэс-служба беларускага пасольства ў Расіі.

"Невялікае скарачэнне знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці перад беларускімі суб'ектамі гаспадарання адбылося, але яе агульная сума застаецца значнай", — адзначыў Канюк.

Паводле яго слоў, пратэрмінаваная запазычанасць дасягае 0,5 млрд долараў, з якіх амаль палова прыпадае на расійскіх контрагентаў. Уся дэбіторская запазычанасць расійскіх контрагентаў арганізацыям Беларусі па стане на 1 жніўня склала 1,783 млрд долараў.

Ён таксама падкрэсліў, што мае намер найбліжэйшым часам абмеркаваць гэтую тэму з генпракурорам Расійскай Федэрацыі Юрыем Чайкам, ведамства якога аказвае беларускаму боку "сур'ёзную дапамогу ў гэтым пытанні".

У семінары таксама ўдзельнічаў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка. На мерапрыемства былі запрошаныя кіраўнікі размешчаных на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі суб'ектаў ТПС беларускіх арганізацый-экспарцёраў (гандлёвыя дамы, афіцыйныя дыстрыб'ютары, прадстаўніцтвы, буйныя дылеры), падведамасных Мінпраму, канцэрнам "Белнафтахім" і "Беллегпрам", а таксама прадпрыемстваў харчовай прамысловасці Мінскай вобласці.

Як адзначыла, адкрываючы мерапрыемства, яго мадэратар — саветнік-пасланнік Алена Копанева, актуальнасць правядзення такой нарады выкліканая перш за ўсё неабходнасцю вяртання ў краіну валютнай выручкі, дзейснасцю мер, што прымаюцца па скарачэнні пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці.

Аляксандр Канюк ва ўступным слове падкрэсліў, што пытаннямі скарачэння знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці і вяртання валютнай выручкі ў краіну органы пракуратуры займаюцца па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі.

На нарадзе былі заслуханыя справаздачы кіраўнікоў суб'ектаў ТПС аб выкананні даручэнняў, дадзеных на аналагічнай нарадзе ў пасольстве 27 красавіка, а таксама аб мерах, якія прымаюцца па рэальным скарачэнні пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці расійскіх контрагентаў за пастаўленую ў Расійскую Федэрацыю прадукцыю і вяртанні валютнай выручкі ў краіну.

"Расія была, ёсць і будзе асноўным рынкам збыту беларускай прадукцыі, — адзначыў, падводзячы вынікі нарады, Сямашка. — Неабходна ўлічваць яго зменлівую спецыфіку, адпаведныя змены ў заканадаўстве, улічваць у тым ліку і новыя рэаліі працы ва ўмовах функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН