Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/26/eu_eu_921910_921911/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 00:42
26.09.2017 11:01 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Лукашэнка шкадуе, што Вялікабрытанія выходзіць з ЕС

Мінск, 26 верасня. Аляксандр Лукашэнка шкадуе аб тым, што Вялікабрытанія выходзіць з Еўрасаюза, з пункту гледжання развіцця беларуска-еўрапейскіх адносін у цэлым. Пра гэта ён заявіў 26 верасня ў Мінску на сустрэчы з дзяржаўным міністрам па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі Аланам Дунканам.

"Ведаеце, пра што я падумаў, заходзячы ў гэту залу на сустрэчу з вамі? Па-першае, нарэшце высокапастаўлены чалавек, член урада вельмі развітой, прасунутай краіны вырашыў прыехаць у Беларусь. Новы добры знак, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Па-другое (можа, вам гэта не спадабаецца), я падумаў, вельмі шкада, што Вялікабрытанія ў гэты момант выходзіць з Еўрапейскага саюза. У нас быў бы надзейны добры партнёр і сябар у Еўрасаюзе, які мог бы сказаць праўду пра Беларусь".

Лукашэнка прапаноўвае Вялікабрытаніі больш актыўна інвеставаць у Беларусь. "Давайце вызначым тры-чатыры салідныя пілотныя эканамічныя праекты (таму што эканоміка — база любых адносін) і рэалізуем іх, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Давайце скажам па-народнаму, проста: у Вялікабрытаніі маса свабодных грошай, якія павінны быць укладзены ў справу. Мы створым самыя зручныя і выгадныя ўмовы для бізнесу і некалькі — два-тры сумесныя прадпрыемствы — пабудуем у Беларусі, якія будуць працаваць на дзве краіны".

Лукашэнка таксама адзначае магчымасць супрацоўніцтва Беларусі і Вялікабрытаніі ў сферы электратранспарту. Ён падкрэсліў, што Вялікабрытанія "прыняла вельмі цікавае рашэнне" — з пэўнага года адмовіцца ад продажу і выкарыстання аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання. "Я вітаю і апладзірую такому рашэнню. Па вашым прыкладзе ў гэтым кірунку і мы вырашылі рухацца. І ў гэтым плане шукаем найбольш прасунутых партнёраў у гэтай сферы", — сказу кіраўнік дзяржавы. "Давайце разам паспрабуем працаваць у Беларусі", — прапанаваў Лукашэнка.

Міністр па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі Алан Дункан прыбыў у Мінск 25 верасня. Гэта першы брытанскі міністр, які наведвае Беларусь з моманту набыцця ёю незалежнасці. Візіт прымеркаваны да 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі. Акрамя перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем у праграме візіту Алана Дункана запланаваны сустрэчы з лідарамі палітычных партый і рухаў, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і выпускнікамі брытанскіх універсітэтаў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239