Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/27/922152_12345/
Дата раздрукоўкі: 05.12.2020 08:54
27.09.2017 14:50 Эканоміка

Кабякоў: Беларусь і Сібірская федэральная акруга па выніках 2017 года могуць выйсці на тавараабарот у 1 млрд долараў

Мінск, 27 верасня. Беларусь і Сібірская федэральная акруга Расіі па выніках 2017 года могуць выйсці на тавараабарот у 1 млрд долараў, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 27 верасня ў Новасібірску на сустрэчы з паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта Расіі ў Сібірскай федэральнай акрузе Сяргеем Мяняйлам.

"У нас ёсць усе перадумовы, каб выйсці на тавараабарот у 1 млрд долараў з Сібірскай федэральнай акругай", — цытуе Кабякова прэс-служба беларускага ўрада. За сем месяцаў 2017 года тавараабарот Беларусі і сібірскага рэгіёна дасягнуў практычна 600 млн долараў.

"Мы можам супрацоўнічаць па ўсім спектры напрамкаў, у тым ліку гатовыя пастаўляць шырокі спектр тэхнікі", — адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.

У прыватнасці, паводле яго слоў, беларускія прадпрыемствы прапануюць сучасную камунальную і аўтадарожную тэхніку, якая неабходная сібірскім рэгіёнам. Таксама, нагадаў ён, Беларускі аўтамабільны завод наладзіў ўзаемадзеянне з прадпрыемствам "Сібэлектрапрывад", прадукцыя якога прымяняецца пры стварэнні "БелАЗаў". У чэрвені гэтага года на расійска-беларускім прадпрыемстве ў Новасібірску выпушчаны першы трамвай.

Кабякоў паведаміў, што Беларусь гатова нарошчваць узаемадзеянне з Сібірскай федэральнай акругай у сферы АПК. Напрыклад беларускія спецыялісты маглі б дапамагчы ў будаўніцтве малочна-таварных комплексаў.

Мяняйла ў сваю чаргу пацвердзіў зацікаўленасць сібірскага рэгіёна ва ўзаемавыгадным супрацоўніцтве з Беларуссю. "Будзем супрацоўнічаць. У нас ёсць што паказаць, ёсць чым падзяліцца і чаму павучыцца", — лічыць ён. У прыватнасці ён адзначыў высокую якасць беларускіх прадуктаў харчавання.

30 верасня ў Новасібірску пачнецца кірмаш беларускіх тавараў. "Дзякуючы таму, што мы робім канкурэнтаздольную прадукцыю, мы не толькі ўтрымліваем пазіцыі на рынку Расійскай Федэрацыі, СНД, але і асвойваем новыя рынкі, у прыватнасці Інданезію, ідзем у Індыю", — дадаў прэм'ер-міністр.

Кабякоў сёння наведаў Інавацыйны медыка-тэхналагічны цэнтр (Медыцынскі тэхнапарк). На думку яго кіраўніцтва, Новасібірск і Беларусь могуць супрацоўнічаць у галіне 3D-друку і стварэння імплантаў.

Акрамя таго, Кабякоў наведаў Сібірскі навукова-даследчы інстытут авіяцыі імя С.А.Чаплыгіна, азнаёміўся з работай ТАА "Сібэлектрапрывад" — найбуйнейшага ва Урала-Сібірскім рэгіёне вытворцы цягавых электрычных машын сярэдняй магутнасці. Адным з асноўных заказчыкаў прадукцыі з'яўляецца ААТ "БелАЗ" — кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239