Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/27/922169_12345/
Дата раздрукоўкі: 05.12.2020 08:47
27.09.2017 15:28 Эканоміка, Фінансы

Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання восьмы раз з пачатку года

Мінск, 27 верасня. Праўленне Нацыянальнага банка Беларусі прыняло рашэнне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання з 11,5 да 11% гадавых з 18 кастрычніка па выніках штоквартальнага пасяджэння па пытаннях ацэнкі і прагнозу сітуацыі ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы, якое адбылося 27 верасня.
Як адзначаюць у Нацбанку, інфляцыйныя працэсы працягваюць запавольвацца. У жніўні 2017 года ў гадавым вымярэнні прырост спажывецкіх цэн знізіўся да 5,3%. Асноўны ўклад у запаволенне гадавых тэмпаў росту спажывецкіх цэн уносяць тавары, не схільныя да сезоннага ўплыву і адміністрацыйнага рэгулявання.

Доля тавараў у спажывецкім кошыку, цэны на якія выраслі ў гадавым выражэнні менш чым на 5%, павялічылася ў жніўні 2017 года да 63% (каля 30% — у папярэднім годзе).

З улікам фактычнай дынамікі інфляцыі чакаецца, што прырост спажывецкіх цэн складзецца паводле вынікаў 2017 года ніжэй, чым прагназавалася раней, — бліжэй да 6%.

Па-ранейшаму не прасочваецца значных рызык узмацнення ў сярэднетэрміновай перспектыве інфляцыйнага націску з боку плацежнага балансу, сцвярджаюць у Нацбанку.

Тэмпы росту грашовай прапановы застаюцца на ўмераным узроўні (прырост сярэдняй шырокай грашовай масы ў жніўні 2017 года ў гадавым выражэнні склаў 9%).

"Захаванне пэўных інфляцыйных рызык звязана з адносна высокім узроўнем інфляцыйных чаканняў у эканоміцы, а таксама з павелічэннем долі актыўнага складніка ў структуры рублёвай грашовай масы, — гаворыцца ў паведамленні. — Далейшыя рашэнні па змяненні працэнтных ставак Нацыянальнага банка будуць вызначацца верагоднасцю і велічынёй рэалізацыі інфляцыйных рызык, якія стрымліваюць дасягненне сярэднетэрміновай мэты па інфляцыі (не больш за 5% у 2020 годзе)".

Намеснік кіраўніка Нацбанка Сяргей Калечыц 19 верасня ў гутарцы з журналістамі адзначаў, што магчымасці для разгляду пытання аб далейшым зніжэнні стаўкі рэфінансавання існуюць. "Пры гэтым мы зрабілі ўжо дастаткова шмат крокаў у гэтым кірунку. Відаць, калі мы і будзем весці размову аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання, крокі ў гэтым кірунку будуць больш асцярожнымі", — дадаў ён.

Варта адзначыць, што сёлета Нацбанк ужо сем разоў зніжаў стаўку рэфінансавання — у апошні раз яна была зніжаная 13 верасня з 12% да 11,5%. Пры гэтым першапачаткова афіцыйны гадавы прагноз Нацбанка прадугледжваў, што стаўка рэфінансавання на працягу года знізіцца да 14%.

Як тлумачаць аналітыкі, інфляцыя дазваляе Нацбанку працягваць зніжаць у 2017 годзе стаўку рэфінансавання. "Нашы ацэнкі паказваюць, што ў бліжэйшыя месяцы інфляцыя ў Беларусі будзе вагацца каля адзнакі 6% (у гадавым выражэнні), а сярэдні рост цэн па выніках 2017 года складзе 6,5%", — адзначалі спецыялісты расійскага "Ашчадбанка" ў жніўні, аналізуючы у межах эканамічнага агляду сітуацыю ў Беларусі.

Сітуацыя на спажывецкім рынку стварае ўмовы для далейшага зніжэння працэнтных ставак, лічаць эксперты. "Пры афіцыйнай мэце Нацыянальнага банка не больш за 9% у снежні 2017 года дынаміка інфляцыі дазваляе рэгулятару агрэсіўна зніжаць узровень ставак у эканоміцы", — лічаць аналітыкі "Ашчадбанка".

Раней беларускія ўлады ў межах падрыхтоўкі афіцыйных прагнозаў выказалі здагадку, што запаволенне інфляцыі дазволіць знізіць стаўку рэфінансавання да 7% у 2020 годзе.

У 2016 годзе Нацбанк зніжаў стаўку рэфінансавання чатыры разы: з 25% у пачатку года да 18% у жніўні.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239