Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/27/922182_12345/
Дата раздрукоўкі: 05.12.2020 09:13
27.09.2017 16:58 Эканоміка, Фінансы

Беларусь наведае кіраўнічы дырэктар сектара інфраструктуры ЕБРР Жан-Патрык Марке

Мінск, 27 верасня. Беларусь 3—4 кастрычніка наведае кіраўнічы дырэктар сектара інфраструктуры Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) Жан-Патрык Марка. Пра гэта ішла гаворка 26 верасня на сустрэчы віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна з кіраўніком прадстаўніцтва банка ў Беларусі Аляксандрам Піваварскім, паведамляе прэс-служба беларускага ўрада.

Жан-Патрык Марке ў Мінску возьме ўдзел у рэгіянальным семінары банка па рэформе сектара водазабеспячэння і водаадвядзення. На сустрэчы таксама абмеркаваныя падрыхтаваныя беларускім бокам прапановы па рэалізацыі праектаў у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, падкрэслілі ва ўрадзе.

Прадстаўнікі ЕБРР абмеркавалі з Калініным прапановы па ажыццяўленні ў Мінску пілотнага праекта комплекснай цеплавой мадэрнізацыі жыллёвага фонду, будаўніцтве ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці рэгіянальнага палігона цвёрдых камунальных адходаў, які адпавядае сучасным экалагічным патрабаванням, а таксама па будаўніцтве станцый ачышчэння вады ад жалеза ў Віцебскай вобласці і рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у рамках трэцяга этапу праграмы па водным сектары ў Беларусі.

Акрамя таго, бакі закранулі супрацоўніцтва ў транспартнай сферы. Гаворка ідзе пра рэканструкцыю з прыцягненнем сродкаў ЕБРР ўчастка рэспубліканскай аўтадарогі Р80, а таксама рэканструкцыю аўтамабільнай дарогі М10 па схеме дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

"Анатоль Калінін і Аляксандр Піваварскі дамовіліся аб падрыхтоўцы адпаведнай "дарожнай карты" па рэалізацыі гэтых праектаў, уключаючы прапрацоўку схем фінансавання і праходжанне унутрыдзяржаўных працэдур", — удакладнілі ў Саўміне.

Нагадаем, прэзідэнт ЕБРР Сума Чакрабарці наведаў Беларусь 12—14 верасня. У межах яго візіту падпісанае пагадненне паміж ЕС і ЕБРР аб выдзяленні 6 млн еўра на падтрымку малога бізнесу ў Беларусі, а таксама мемарандумы па развіцці мясцовых рынкаў капіталу і карпаратыўным кіраванні дзяржпрадпрыемствамі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239