Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/27/922192_12345/
Дата раздрукоўкі: 05.12.2020 08:43
27.09.2017 17:51 Эканоміка

Кабякоў: Беларусь мае намер павялічыць тавараабарот з Новасібірскай вобласцю мінімум да 500 млн долараў

Мінск, 27 верасня. Беларусь мае намер у найбліжэйшыя гады павялічыць тавараабарот з Новасібірскай вобласцю Расіі мінімум да 500 млн долараў. Пра гэта прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў паведаміў 27 верасня на сустрэчы з губернатарам Новасібірскай вобласці Уладзімірам Гарадзецкім.

Паводле ацэнкі Кабякова, аб'ём узаемнага гандлю, які складваецца апошнім часам, не адпавядае патэнцыялу Беларусі і Новасібірскай вобласці. Па выніках гэтага года тавараабарот можа скласці да 300 млн долараў.

"Мы можам пастаўляць значна больш прадукцыі машынабудавання. Прапануем звярнуць увагу на інавацыйны гарадскі электратранспарт — электробусы і тралейбусы з аўтаномным ходам", — цытуе прэм'ер-міністра прэс-служба беларускага ўрада.

Паводле яго слоў, з улікам планаў па закупцы трактарнай, збожжа- і кормаўборачнай тэхнікі, а таксама рэалізацыі ў рэгіёне маштабнай дзяржпраграмы па развіцці сельскай гаспадаркі беларускі бок прапануе разгледзець МТЗ і "Гомсельмаш" у якасці асноўных пастаўшчыкоў сельгастэхнікі ў Новасібірскую вобласць. Беларусь можа прапанаваць ўзаемапрымальныя схемы фінансавання: лізінг, бюджэтнае субсідаванне, льготнае крэдытаванне.

"Пашырэнне кааперацыйных сувязяў паміж Беларуссю і Новасібірскай вобласцю і развіццё супрацоўніцтва ў прамысловай сферы адпавядае інтарэсам бакоў як з пункту гледжання ўмацавання эканамічных сувязяў, так і імпартазамяшчэння. Станоўчыя прыклады мы ўжо маем, напрыклад, сумесную вытворчасць трамваяў, — заявіў прэм'ер-міністр. — Тры трамваі ўжо выпушчаныя, 12 — на падыходзе. Узнікае адно пытанне — чаму мы не зрабілі гэтага раней? У прынцыпе, усё гэта было на паверхні".

Беларусь і Новасібірская вобласць раней абмеркавалі стварэнне сумеснай вытворчасці ліфтаў. Кабякоў прапанаваў вярнуцца да гэтай тэмы.

"Усе гэтыя праекты маюць патрэбу ў пэўнай падтрымцы з боку кіраўніцтва вобласці. Пад ляжачы камень вада не цячэ. Мы не патрабуем нейкіх асаблівых прэферэнцый, асаблівага льгатавання — проста, каб мы не траплялі ў сітуацыю, калі нас ставяць у няроўныя ўмовы. Мы хочам змагацца ў роўных умовах, ведаем свае магчымасці і якасць прадукцыі. Упэўнены, што зможам пашырыць сваю прысутнасць на рынку Новасібірскай вобласці", — адзначыў прэм'ер-міністр.

Акрамя таго, на яго думку, ёсць перспектывы развіцця супрацоўніцтва ў будаўнічай галіне. Вядучыя беларускія праектныя і будаўнічыя арганізацыі гатовы ўдзельнічаць у рэалізацыі праграм жыллёвага будаўніцтва, у тым ліку энергаэфектыўнага, праектаванні і ўзвядзенні шматпрофільных культурна-спартыўных аб'ектаў, адміністрацыйных будынкаў, медыцынскіх аб'ектаў, школ, дзіцячых садкоў.

Кабякоў таксама падкрэсліў зацікаўленасць у пашырэнні супрацоўніцтва ў галіне тэхнічнага абслугоўвання, рамонту і мадэрнізацыі самалётаў малой і бізнес-авіяцыі. У Беларусі захаваны кадравы патэнцыял і вытворчыя магутнасці па рамонце, мадэрнізацыі і тэхнічным абслугоўванні грамадзянскіх самалётаў, у тым ліку Як-40, Як-42, Як-52. "У нас будуецца новы авіярамонтны завод. І мы вельмі зацікаўлены ў арганізацыі сумеснай працы з Сібірскім навукова-даследчым інстытутам авіяцыі імя Чаплыгіна па мадэрнізацыі самалётаў тыпу Як і Ан", — адзначыў Кабякоў.

У размове з журналістамі, падводзячы вынікі сустрэчы, Уладзімір Гарадзецкі звярнуў увагу, што за апошнія тры гады многае зроблена для нарошчвання тавараабароту, аднак бакам трэба знаходзіць новыя сферы для ўзаемадзеяння.

"Для Новасібірскай вобласці пытанне супрацоўніцтва з Беларуссю носіць стратэгічны характар, нягледзячы на тое, што мы далёка адзін ад аднаго знаходзімся", — падкрэсліў Гарадзецкі. Паводле яго ацэнкі, бакі могуць скончыць 2017 год з таваразваротам больш за 235 млн долараў. "Гэта сведчыць аб запатрабаванасці тавараў, надзейнасці нашых гандлёвых сувязяў, — лічыць губернатар. — Тым не менш, мы павінны пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых сфер супрацоўніцтва".

"Нам неабходна разабрацца з фактарамі, якія стрымліваюць развіццё супрацоўніцтва, якое мы лічылі перспектыўным. Як нам здаецца, мы павольна рухаемся ў тым, што тычыцца навукаёмістай і інавацыйнай прадукцыі", — сказаў Гарадзецкі.

Паводле яго слоў, у Новасібірскай вобласці дынамічна развіваецца аграпрамысловы комплекс, і ў гэтым плане будзе карысны беларускі вопыт. "Неабходна тэхнічнае пераўзбраенне, і мы штогод набываем збожжа- і кормаўборачныя беларускія камбайны. Таму мы перакананыя ў высокай канкурэнтаздольнасці (цэнавай і тэхналагічнай) беларускай прадукцыі. Будзем развіваць узаемадзеянне ў гэтай сферы", — запэўніў Гарадзецкі.

У сваю чаргу Кабякоў выказаў меркаванне, што асаблівых фактараў стрымлівання двухбаковага супрацоўніцтва няма, проста не ўсе магчымасці выкарыстаныя цалкам. Беларусь і Новасібірская вобласць арганізавалі сумесную вытворчасць трамваяў, на чарзе — вытворчасць збожжаўборачных камбайнаў. "Тавараабарот больш за 200 млн долараў з Новасібірскай вобласцю — здавалася б, нядрэнная лічба. З іншага боку, мы бачым, што патэнцыял значна большы. Праз канкрэтныя праекты можна дамагчыся істотнай дабаўкі", — рэзюмаваў ён.

Па выніках сустрэчы Сібірскі навукова-даследчы інстытут авіяцыі імя С.А.Чаплыгіна і Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі № 407 заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве ў праекце "Рэматарызацыя самалёта Як-40". Падпісаны пратакол аб намерах па ўзаемадзеянні і супрацоўніцтве пры абнаўленні парку сельскагаспадарчай тэхнікі Новасібірскай вобласці. ААТ "БелАЗ" — кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" і ТАА "Сібэлектрапрывад" заключылі пагадненне аб стратэгічным партнёрстве.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239