Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/28/922273_922274/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:20
28.09.2017 10:42 Эканоміка, Фінансы

Урад разлічвае прыцягнуць заходнія інвестыцыі ў банкаўскі сектар (дапоўнена)

Мінск, 28 верасня. Беларускі ўрад чакае, што ў банкаўскі сектар краіны прыйдуць заходнееўрапейскія інвестыцыі, заявіў першы віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі, адказваючы на пытанні БелаПАН у кулуарах Беларускага інвестыцыйнага форуму, які праходзіць 28—29 верасня ў Мінску.
"У сярэднетэрміновай перспектыве мы ацэньваем шанцы прыцягнення заходнееўрапейскага капіталу ў капітал беларускіх банкаў як высокія", — сказаў Мацюшэўскі.

"З высокай ступенню верагоднасці замежныя інвестыцыі ў капітал беларускіх банкаў прыйдуць раней за 2020 год. Напрыклад, па "Белінвестбанку", якім займаецца ЕБРР, — гэта наогул вельмі кароткая перспектыва. Калі прэзідэнт ЕБРР прыязджаў у Мінск (у верасні 2017 года. — БелаПАН.), мы дамовіліся, што гарызонт — максімум 12 месяцаў", — заявіў Мацюшэўскі.

Ён адзначыў, што праца па прыцягненні замежных інвестыцый вядзецца і па іншых дзяржбанках, за выключэннем "Белаграпрамбанка".

Першы віцэ-прэм'ер паведаміў, што праца па прыцягненні інвестыцый у "Беларусбанк" не спынялася, хоць раней паступала інфармацыя, што актыўнасць у гэтым кірунку была прыпыненая.

"Проста абралі іншы трэк. Калі больш дэталёва разабраліся са станам самога "Беларусбанка", прыйшлі да высновы, што неабходна больш старанная перадпродажная падрыхтоўка банка", — сказаў Мацюшэўскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што пытанне прыцягнення інвестыцый у "Беларусбанк" не адносіцца да доўгатэрміновай перспектывы. "Розніца ў стратэгіі (у параўнанні з першапачатковай. — БелаПАН.) год-два", — адзначыў чыноўнік.

Восенню 2016 года ўрад вызначыў кансорцыум з чатырох кампаній фінансавым кансультантам па падрыхтоўцы стратэгіі развіцця "Беларусбанка" і рэалізацыі мінарытарнага пакета яго акцый.

Для каардынацыі працы па рэалізацыі мінарытарнага пакета акцый ва ўрадзе ў мінулым годзе была таксама створана спецыяльная рабочая група. Сярод іншага ёй неабходна было ўзгадніць папярэднюю ацэнку кошту акцый, а таксама да 1 лістапада 2017 года ўнесці ва ўрад прапановы аб выбары пакупніка мінарытарнага пакета акцый "Беларусбанка". У ліпені 2017 года "Беларусбанк" заяўляў, што працы па перадпродажнай падрыхтоўцы мінарытарнага пакета акцый банка прыпыненыя.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН