Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/28/922276_922277/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 00:07
28.09.2017 11:02 Палітыка

Лукашэнка: Беларусь працягне рабіць усё, што ад яе залежыць, для аднаўлення міру на ўкраінскай зямлі

Мінск, 28 верасня. Беларусь працягне рабіць усё, што ад яе залежыць, для аднаўлення міру на ўкраінскай зямлі, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Савета біскупскіх канферэнцый Еўропы 28 верасня ў Мінску.

"Мы не маглі стаяць у баку, калі ўспыхнуў канфлікт на паўднёвым усходзе Украіны, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Мы рабілі і працягнем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб мінскі працэс, мінскія пагадненні, якім няма альтэрнатывы, спрыялі больш хуткаму аднаўленню міру на ўкраінскай зямлі".

Важную ролю ва ўрэгуляванні канфліктаў у свеце могуць і павінны адыграць рэлігійныя канфесіі, дадаў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, прыезд у Мінск высокіх прадстаўнікоў каталіцкага духавенства ў тым ліку з'яўляецца прызнаннем беларускай палітыкі міру і згоды. "Прыезд у Мінск такіх высокіх прадстаўнікоў каталіцкага духавенства мы расцэньваем як знак асаблівай павагі да вернікаў-католікаў Беларусі. Упэўнены, гэта прызнанне палітыкі міру і згоды, якую наша дзяржава мэтанакіравана праводзіць унутры краіны і на міжнароднай арэне", — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў свеце існуе вострая патрэба ў адкрытым і даверлівым дыялогу. "Няма агульнасці падыходаў у вырашэнні выклікаў і праблем, якія хвалююць і закранаюць усіх нас", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Тым больш важкім, паводле слоў Лукашэнкі, становіцца статус Мінска як важнай перамоўнай пляцоўкі, на якой абмяркоўваюцца і прымаюцца рэзалюцыі па самых складаных рэгіянальных і сусветных праблемах.

Для ўдзелу ў пасяджэнні Рады канферэнцый біскупаў Еўропы, якое пройдзе з 28 верасня па 1 кастрычніка, у Мінск з'ехаліся каля 50 замежных каталіцкіх біскупаў і кардыналаў.

У Раду біскупскіх канферэнцый Еўропы ўваходзяць кіраўнікі 33 еўрапейскіх епіскапальных канферэнцый, а таксама арцыбіскупы Люксембурга, Манака, вышэйшы іерарх Мараніцкай каталіцкай архідыяцэзіі Кіпра, біскуп Кішынёўскай дыяцэзіі (Малдова), Мукачаўскай грэка-каталіцкай дыяцэзіі (Украіна) і адміністратар Эстоніі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239