Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/28/922287_922288/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:31
28.09.2017 11:42 Палітыка

Лукашэнка зноў прапаноўвае арганізаваць у Беларусі сустрэчу патрыярха Кірыла і папы рымскага

Мінск, 28 верасня. Аляксандр Лукашэнка зноў прапаноўвае арганізаваць у Беларусі сустрэчу патрыярха Кірыла і папы рымскага Францыска. Такую прапанову ён зрабіў на сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Савета біскупскіх канферэнцый Еўропы 28 верасня ў Мінску.

"Тут было заўважана аб выніковасці сустрэчы папы рымскага і патрыярха Кірыла. Недзе там, далёка на Кубе. Думаю, трэба падумаць, каб яны сустрэліся тут, у Мінску. Гэта якраз сёння тое месца, дзе можна абмяркоўваць праблемы і Захаду і Усходу, Поўначы і Поўдня, і ўсёй планеты ", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. "Калі вы з праваслаўнай царквой прыйдзеце да такога разумення, я і беларускі народ зробім усё, каб вы, вашы кіраўнікі, нашы кіраўнікі — каталіцкай і праваслаўнай цэркваў — зрабілі гэтую сустрэчу ў Мінску гістарычнай. Падумайце над гэтым", — сказаў ён, звяртаючыся да суразмоўцаў.

Папа рымскі Францыск і патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл сустракаліся на Кубе ў лютым 2016 года. Гэта была першая такая сустрэча ў гісторыі дзвюх цэркваў. Шэраг экспертаў і СМІ называлі яе гістарычнай. За ўвесь час кантактаў паміж Рускай праваслаўнай царквой і Рымска-каталіцкім касцёлам такіх прэцэдэнтаў не было.

У маі 2016 года, сустракаючыся з папам рымскім Францыскам у Ватыкане, Лукашэнка прапанаваў арганізаваць сустрэчу пантыфіка і прадстаяцеля Рускай праваслаўнай царквы патрыярха Кірыла ў Беларусі.

Пасля сустрэчы з папам Лукашэнка расказаў журналістам: "Я выказаў думку, што пантыфіку пара прыехаць у Беларусь і разам з нашым патрыярхам сустрэцца з нашымі жыхарамі. Упэўнены, што там будзе не адзін мільён чалавек, якія б хацелі бачыць гэты поціск рукі не ў далёкай Кубе ў аэрапорце, а на зямлі, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і якую, дзякуй Богу, не закранулі тыя катаклізмы (і пантыфік гэта таксама падкрэсліў), якія здарыліся ў постсавецкіх рэспубліках і краінах Усходняй Еўропы пасля распаду СССР".

Лукашэнка таксама дадаў, што сустрэча папы рымскага з патрыярхам РПЦ у Беларусі магла б спрыяць міратворчаму працэсу на ўсходзе Украіны.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239