Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/29/922487_922488/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2019 23:12
29.09.2017 09:42 Грамадства

Калектывам міністэрстваў культуры і інфармацыі прадстаўлены новыя кіраўнікі

Мінск, 29 верасня. Намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко 28 верасня прадставіў калектывам міністэрстваў культуры і інфармацыі новых кіраўнікоў, паведамляе прэс-служба ўрада.

Прадстаўляючы новага міністра культуры Юрыя Бондара, віцэ-прэм'ер адзначыў, што ў сферы культуры ён працуе "не першы год, мае сваё бачанне развіцця галіны і жаданне рэалізаваць пэўныя ідэі, а гэта добры стымул для працы на новай пасадзе".

Жарко назваў шэраг кірункаў у працы міністэрства, якія, паводле яго слоў, патрабуюць асаблівай увагі. Гаворка ідзе пра недабудаваныя аб'екты, неабходнасць развіцця экспарту паслуг, пашырэнне платных паслуг, пры гэтым не падмяняючы імі бюджэтныя. Ён таксама прапанаваў перагледзець падыходы ў працы шэрагу ўстаноў культуры, у прыватнасці бібліятэк, тэатраў, якія павінны быць запатрабаваныя грамадзянамі. Акрамя таго, неабходна перагледзець сітуацыю ў адукацыйнай сферы культуры. Важнай справай павінна стаць адкрыццё маладых талентаў, імёны якіх сёння часта становяцца вядомымі за межамі роднай краіны, а не ў самой Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба, Жарко перасцярог новага міністра ад прыняцця паспешных кадравых рашэнняў, параіў падыходзіць да пытання кадраў узважана.

Віцэ-прэм'ер таксама падзякаваў за працу былому міністру культуры Барысу Святлову.

Прадстаўляючы новага міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, Васіль Жарко адзначыў, што "праўдзівасць і аб'ектыўнасць у асвятленні падзей, якія адбываюцца, — найважнейшая ўмова працы СМІ".

"Сёння час інтэрнэту, хуткага распаўсюджвання інфармацыі, і міністэрству неабходна рабіць усё, каб забяспечыць інфармацыйную бяспеку", — сказаў віцэ-прэм'ер. Важна сродкамі тэлебачання, друкаваных СМІ расказваць пра тое, што адбываецца ў краіне, праўдзіва і аб'ектыўна, падкрэсліў ён.

Жарко адзначыў, што ведамству неабходна выбудоўваць працу і з дзяржаўнымі, і з недзяржаўнымі СМІ, паважліва ставіцца да ўсіх удзельнікаў інфармацыйнага поля.

Намеснік прэм'ер-міністра падзякаваў Ліліі Ананіч "за годнае кіраўніцтва галіной", паведамляе прэс-служба.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН