Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/29/922517_922518/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2019 23:05
29.09.2017 11:45 Палітыка, Грамадства

Дапкюнас: Міжнародныя намаганні па барацьбе з гандлем людзьмі застаюцца раз'яднанымі

Мінск, 29 верасня. Міжнародныя намаганні па барацьбе з гандлем людзьмі застаюцца раз'яднанымі. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас, выступаючы 28 верасня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку на тэматычным дыялогу "Гандаль непаўналетнімі ў лічбавы век: абуджаючы свет да крайняй неабходнасці спыніць гандаль дзецьмі, дзіцячую прастытуцыю і дзіцячую парнаграфію, у тым ліку праз інтэрнэт".

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, тэматычны дыялог арганізаваны па ініцыятыве беларускага боку Групай сяброў сумесна з партнёрамі з ліку міжнародных і амерыканскіх няўрадавых арганізацый і з'яўляецца заключнай часткай двухдзённага мерапрыемства, якое Група сяброў праводзіць на палях пасяджэння высокага ўзроўню Генасамблеі ААН па аглядзе ходу выканання глабальнага плана дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі.

Дапкюнас падкрэсліў, што інфармацыйныя тэхналогіі, якія даюць доступ да адукацыі, збліжэння, супрацоўніцтва, часта выкарыстоўваюцца гандлярамі людзьмі і дазваляюць ім заставацца беспакаранымі. Паводле яго слоў, дзеці ў сілу сваёй наіўнасці і даверлівасці становяцца найбольш лёгкімі ахвярамі ў інтэрнэце. Вынік гэтага — рэзкі рост дзіцячай парнаграфіі і дзіцячай прастытуцыі, адзначыў Дапкюнас.

Ён падкрэсліў, што барацьба з дзіцячай прастытуцыяй і парнаграфіяй застаецца далёкай ад адэкватнай. Беларускі дыпламат заклікаў да паляпшэння каардынацыі дзеянняў усіх партнёраў, пошуку новых практычных ідэй па барацьбе з дзіцячай прастытуцыяй і парнаграфіяй, у тым ліку праз інтэрнэт, а таксама пацвердзіў гатоўнасць Групы сяброў да актыўных сумесных дзеянняў з іншымі дзяржавамі — членамі ААН.

Дапкюнас таксама адкрыў у штаб-кватэры ААН дакументальную фотавыставу "Штодзённая руціна моўных спецыялістаў: збліжаючы народы", прысвечаную першаму афіцыйнаму святкаванню ў ААН Міжнароднага дня перакладу.

Фотавыстава арганізавана па ініцыятыве Беларусі, Азербайджана, Туркменістана і ўпраўлення ААН па справах Генасамблеі і канферэнцыйным абслугоўванні. Выстава дэманструе штодзённую працу перакладчыкаў сістэмы ААН, а таксама лінгвістаў, якія працуюць ва ўмовах высокай рызыкі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН