Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/29/922531_922532/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2019 10:13
29.09.2017 12:51 Эканоміка, Фінансы

СК распачаў крымінальную справу ў дачыненні да арганізатараў незаконнай сеткі міжнародных грашовых пераводаў

Мінск, 29 верасня. Следчы камітэт, дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю і галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС спынілі маштабную незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць грамадзян пры аказанні паслуг па ажыццяўленні міжнародных грашовых пераводаў.

Як паведаміла прэс-служба КДК, падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена, што група грамадзян без адпаведнай дзяржаўнай рэгістрацыі за ўзнагароду са студзеня па май 2017 года на тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці аказвала для фізічных асоб паслугі па ажыццяўленні міжнародных грашовых пераводаў і перавозцы наяўных грашовых сродкаў, а таксама заліку ўзаемных патрабаванняў і абавязацельстваў.

Дзейнасць групы будавалася па прынцыпе банка: органы кіравання размяшчаліся ў Мінску, а ўмоўныя філіялы (прадстаўнікі) знаходзіліся ў краінах СНД, Еўрасаюза і Блізкага Усходу (Беларусі, Расіі, Азербайджане, Польшчы і іншых). Пры неабходнасці пераводу наяўных грашовых сродкаў фізічная асоба ў Мінску звярталася да ўпаўнаважанага прадстаўніка, указваючы суму і краіну, у якую мела намер перавесці грошы. Пасля гэтага прадстаўнік узгадняў з арганізатарам групы магчымасць ажыццявіць такі перавод і кошт узнагароды, якая залежала ад сумы пераводу, асобы, якая звярнулася па перавод, а таксама краіны, у якую неабходна перавесці грошы.

Як правіла, узнагарода за паслугі складала ад 1 да 10% ад сумы пераводу. У выпадку ўхвалы фізічная асоба перадавала прадстаўніку наяўныя грашовыя сродкі, якія ўключалі таксама ўказаны працэнт. Пасля гэтага яму паведамлялася сума, якую можна атрымаць у краіне прызначэння, кантактныя дадзеныя асобы, якая гэту суму ў гэтай краіне аддасць і адпаведны ўмоўны знак (пароль). Пры гэтым, ведаючы названую інфармацыю, атрымаць грошы ў краіне прызначэння можна было практычна адразу ж пасля перадачы грошай.

Паводле інфармацыі ГУБАЗіК МУС, некаторыя спажыўцы такіх паслуг датычныя да незаконнай міграцыі, гандлю зброяй і наркотыкаў.

Па гэтых фактах упраўленнем Следчага камітэта па Мінску ў дачыненні да арганізатараў і актыўных удзельнікаў групы распачата справа па ч. 3 арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Атрыманы ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці даход склаў больш за 2 млн рублёў.

Абвінавачванымі па крымінальнай справе прызнаныя тры чалавекі, у дачыненні да двух з іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

У ходзе вытворчасці неадкладных следчых і іншых працэсуальных дзеянняў па крымінальнай справе супрацоўнікамі СК, ДФР КДК і ГУБАЗіК МУС на тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці праведзены вобыскі, падчас якіх былі знойдзены і канфіскаваны грашовыя сродкі, чарнавая бухгалтэрыя, камп'ютарная тэхніка, іншыя носьбіты інфармацыі, што ўтрымліваюць звесткі, якія характарызуюць злачынную дзейнасць абвінавачваных асоб.

З мэтай кампенсацыі незаконна атрыманага даходу на нерухомую маёмасць, аўтамабілі, грашовыя сродкі абвінавачваных накладзены арышт.

Па названых фактах праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленне і дакументаванне іншых эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці абвінавачваных.

Максімальны тэрмін пакарання, згодна з санкцыяй ч. 3 арт. 233 КК, прадугледжвае пазбаўленне волі на сем гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН