Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/30/eu_eu_922735_247851/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:41
30.09.2017 17:33 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

Ганаровае консульства Беларусі адкрытае ў французскім Бардо

Мінск, 30 верасня. 29—30 верасня адбыліся мерапрыемствы, прымеркаваныя да адкрыцця ганаровага консульства Беларусі ў Бардо (Францыя).

Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў ганароваму консулу Андрэю Шаўчэнку дзяржаўныя сцяг і герб Рэспублікі Беларусь.

Як паведамляе беларускае пасольства, консул у Бардо будзе ажыццяўляць сваю дзейнасць у консульскай акрузе, якая ўключае рэгіён Новая Аквітанія — трэці па ўзроўні ВУП у Францыі.

Ад імя пасла і ганаровага консула ў гістарычным будынку вінаробнага рэгіёну Сэнт-Эмільён Сhateau Grand Barrail быў дадзены афіцыйны прыём з нагоды адкрыцця ганаровага консульства. На цырымоніі прысутнічалі больш за 150 гасцей, сярод якіх вядомыя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, прадстаўнікі дзелавых колаў, консульскага корпуса Бардо, а таксама беларускай дыяспары.

У Бардо размешчаныя 54 генеральныя і ганаровыя консульствы, у тым ліку ганаровыя консульствы Аўстрыі, Бельгіі, Бразіліі, Венгрыі, Даніі, Італіі, Літвы, Перу, Чылі, Швейцарыі, Японіі.

У сваім выступе на мерапрыемстве Латушка падкрэсліў, што Беларусь зацікаўленая ў развіцці ўзаемавыгадных адносін з Францыяй, адзначыўшы прыярытэт развіцця міжрэгіянальнага беларуска-французскага супрацоўніцтва.

29 верасня Латушка таксама правёў сустрэчу з віцэ-мэрам Бардо, які адказвае за міжнароднае супрацоўніцтва, Дыдзье Казабонам. Падчас сустрэчы пасол прадставіў консула. Беларускі дыпламат падкрэсліў, што галоўнай задачай дзейнасці ганаровага консула Беларусі будзе садзейнічанне развіццю эканамічнага супрацоўніцтва праз кантакты дзелавых колаў дзвюх краін, рэалізацыя сумесных праектаў у галіне культуры і адукацыі, консульска-прававая дапамога грамадзянам Беларусі.

У якасці першачарговых праектаў ганаровага консульства ў Бардо плануецца вывучыць магчымасць экспартных паставак прадукцыі шклозавода "Нёман", а таксама мінеральнай вады беларускіх прадпрыемстваў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН