Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/01/922606_12345/
Дата раздрукоўкі: 09.12.2019 11:35
01.10.2017 09:07 Грамадства, Эканоміка

Белстат: Кожны пяты жыхар Беларусі — пажылога ўзросту

Мінск, 1 кастрычніка. На пачатак 2017 года ў Беларусі пражывала 1 млн 996 тыс. пажылых грамадзян — гэта кожны пяты жыхар краіны, паведамляе Белстат у аглядзе да Міжнароднага дня пажылых людзей, які адзначаецца штогод 1 кастрычніка.

У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу колькасць насельніцтва 60 гадоў і старэйшых складала 1 млн 403 тыс. чалавек, у сельскіх населеных пунктах — 594 тыс. чалавек.

За апошнія дзесяць гадоў колькасць пажылых людзей у Беларусі павялічылася на 245,5 тыс. чалавек, або на 14%. У агульнай колькасці гарадскога насельніцтва доля асоб гэтай узроставай групы вырасла з 14,7% на пачатак 2007 года да 19% на пачатак 2017 года, сельскага — з 27,9% да 28,2%.

Як адзначаецца ў аглядзе, старэнне грамадства становіцца эканамічнай праблемай глабальнага маштабу. Паводле прагнозаў ААН, да 2050 года 22% насельніцтва зямлі будуць пенсіянерамі, а ў развітых краінах на кожнага грамадзянiна, якi працуе, будзе прыпадаць па адным пенсіянеру.

У Беларусі ў агульнай колькасці пажылых людзей жанчыны, паводле апошніх звестак, складаюць 64,6%, мужчыны — 35,4%. На пачатак 2017 года на 1.000 пажылых мужчын прыпадала 1.826 пажылых жанчын.

За апошнія 10 гадоў чаканая працягласць жыцця жыхароў краіны павялічылася на 4,7 года: у жанчын — на 3,5 года, у мужчын — на 5,3 года. У 2016 годзе яна склала 74,1 года, у тым ліку ў жанчын — 79 гадоў, у мужчын — 68,9 года.

Між тым летась у сталым узросце заключылі шлюбны саюз 1.002 жанчыны і 1.546 мужчын, пры гэтым амаль у палове выпадкаў абое ў пары былі ва ўзросце 60 гадоў і старэй.

Белстат таксама прыводзіць шэраг даных, якія сведчаць аб занятках пажылых людзей. Так, сярод іх расце доля асоб, якія актыўна займаюцца фізкультурай і спортам. На пачатак 2010 года — 15,3%, на пачатак 2017 года — 21,2%, або кожны пяты з ліку асоб пажылога ўзросту. Самастойна займаюцца фізкультурай і спортам 95,2%, наведваюць арганізаваныя заняткі — 4,8%. Усё больш пажылых становяцца актыўнымі карыстальнікамі інтэрнэту. Паводле даных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, ў 2016 годзе доля карыстальнікаў паслугамі інтэрнэту сярод асобаў сталага веку склала 23,7%.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН