Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/01/922616_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 22:05
01.10.2017 09:33 Эканоміка, Фінансы

Нарматыў абавязковага продажу валютнай выручкі зніжаны з 20 да 10%

Мінск, 1 кастрычніка. Нацыянальны банк Беларусі 1 кастрычніка знізіў з 20 да 10% памер абавязковага продажу выручкі ў замежнай валюце суб`ектамі гаспадарання — рэзідэнтамі.

Як растлумачылі ў Нацбанку, рашэнне прынятае ў межах рэалізацыі паслядоўнай палітыкі лібералізацыі валютных адносін і з улікам стабільнай сітуацыі на валютным рынку, якая доўгі час характарызуецца ўстойлівым перавышэннем прапановы замежнай валюты над попытам на яе.

"Чарговае зніжэнне нарматыву абавязковага продажу выручкі ў замежнай валюце будзе спрыяць развіццю экспартнага патэнцыялу суб`ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь і стане паслядоўным крокам у напрамку гарманізацыі валютнага заканадаўства ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС)", — гаворыцца ў паведамленні галоўнага банка краіны.

Нарматыў абавязковага продажу замежнай валюты ў Беларусі быў паніжаны ў жніўні 2016 года з 30 да 20%. Калі да жніўня мінулага года прадпрыемствы павінны былі канвертаваць у беларускія рублі амаль траціну экспартнай выручкі, то з верасня 2016 года — толькі пятую частку.

Стратэгія развіцця фінансавага рынку да 2020 года, зацверджаная сумеснай пастановай урада і Нацбанка, прадугледжвае лібералізацыю валютнай сістэмы, у тым ліку "паэтапнае зніжэнне нормы аб абавязковым продажы суб`ектамі гаспадарання — рэзідэнтамі замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку".

На думку ўдзельнікаў фінансавага рынку, абавязковы продаж валюты з`яўляецца страховачным механізмам для дзяржавы, які дазваляе гарантаваць устойлівую прапанову замежнай валюты ў выпадку росту дэвальвацыйных чаканняў.

Разам з тым раней Беларусь у межах ЕАЭС узяла на сябе абавязацельствы адмяніць абавязковы продаж валютнай выручкі. Як адзначаюць эксперты, на валютным рынку і ў плацежным балансе павінна складвацца спрыяльная сітуацыя, каб дзяржава магла цалкам адмовіцца ад абавязковага продажу валютнай выручкі.

У 2018 годзе ў Беларусі плануюць цалкам адмовіцца ад абавязковага продажу валютнай выручкі.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239