Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/02/922808_123456/
Дата раздрукоўкі: 29.03.2020 06:13
02.10.2017 09:18 Палітыка

Пачынае працу асенняя сесія парламента

Мінск, 2 кастрычніка. Трэцяя сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання адкрыецца сёння ў 10.00.
У папярэднім парадку сесіі 28 пытанняў. У першы дзень працы дэпутаты разгледзяць 12 з іх.

У першым чытанні плануецца разгледзець папраўкі ў закон "Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", у другім — папраўкі ў законы "Аб крэдытных гісторыях" і "Аб прызнанні страціўшымі сілу заканадаўчых актаў і іх асобных палажэнняў". Мяркуецца таксама разгледзець шэраг міжнародных пагадненняў і два дэкрэты прэзідэнта.

Праект парадку дня сесіі будзе дапаўняцца. Як паведаміў 28 верасня на пасяджэнні савета ніжняй палаты яе старшыня Уладзімір Андрэйчанка, у пастаянных камісіях значацца 58 пытанняў. Дэпутатам, у прыватнасці, трэба будзе разгледзець пакет бюджэтных дакументаў. "Як мы і дамаўляліся, многія дэпутаты ўжо з вясны ўключыліся ў працу над ім, прымалі ўдзел у пасяджэннях міжведамасных рабочых груп. Шэраг пастаянных камісій ўнеслі свае прапановы. Асобныя з іх улічаны пры дапрацоўцы дакумента Саветам міністраў. Гэта тычыцца размеркавання сродкаў дарожнага фонду, фінансаванне якога павінна накіроўвацца не толькі на бягучы рамонт мясцовых аўтамабільных дарог, але і вуліц, якія з'яўляюцца працягам такіх дарог. Урадам падтрымана таксама прапанова аб павелічэнні асігнаванняў па комплексу работ на вапнаванне кіслых глеб", — адзначыў Андрэйчанка.

Паводле яго слоў, на разглядзе ў камісіях ўжо знаходзяцца праекты законаў па пытаннях процідзеяння манапалістычнай дзейнасці, дзяржаўна-прыватнага партнёрства, дзяржаўных закупак і ўдасканалення банкаўскага заканадаўства. Чакаецца, што ў найбліжэйшыя месяцы ў Палату прадстаўнікоў будуць унесены два праекты законаў — аб інвестыцыях і прыватызацыі.

Асаблівую ўвагу, падкрэсліў Андрэйчанка, неабходна надаць праектам законаў аб нарматыўных прававых актах, імянных прыватызацыйных чэках, фізічнай культуры і спорце, абыходжанні з жывёламі, а таксама па пытаннях пітнога водазабеспячэння, карэкціроўцы грамадзянскага і грамадзянска-працэсуальнага заканадаўства — гэтыя законапраекты знаходзяцца ў парламенце ўжо год і больш.

Падчас асенняй сесіі Палата прадстаўнікоў таксама плануе правесці шэраг парламенцкіх слуханняў. Прапаноўвалася, у прыватнасці, правесці слуханні аб удасканаленні сістэмы адукацыі, энергетычнай галіны і павышэнні інвестыцыйнай прывабнасці краіны.

Андрэйчанка лічыць неабходным больш актыўна выкарыстоўваць права звароту ў Канстытуцыйны суд аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў. "Варта больш уважліва, усебакова падыходзіць да разгляду такіх зваротаў. Яны паступаюць у камісіі, я іх накіроўваю. Трэба сур'ёзна аналізаваць правапрымяняльную практыку, прапрацоўваць гэтыя пытанні ў выбарчых акругах", — сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Сёння ж у другой палове дня на сваё першае пленарнае пасяджэнне ў рамках асенняй сесіі збярэцца верхняя палата Нацыянальнага сходу — Савет Рэспублікі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН