Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/02/922816_123456/
Дата раздрукоўкі: 29.03.2020 06:02
02.10.2017 09:26 Грамадства

У сувязі з будаўніцтвам АЭС у Беларусі пройдуць вучэнні па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі

Мінск, 2 кастрычніка. Камандна-штабныя вучэнні па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі з удзелам органаў кіравання і сіл дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый пройдуць 18—19 кастрычніка ў Астравецкім раёне, дзе будуецца Беларуская АЭС, а таксама ў іншых рэгіёнах краіны.

У адпаведнасці з міжнароднымі рэкамендацыямі дзяржавы, якія ўводзяць у эксплуатацыю буйныя аб'екты ядзернай энергетыкі, павінны правесці серыю вучэнняў па рэагаванні на магчымыя інцыдэнты, адзначае Гродзенскае абласное ўпраўленне МНС. Мэта вучэнняў — праверка гатоўнасці сістэмы аператыўнага рэагавання, "якая важная ў тым ліку і ў працэсе распрацоўкі аварыйных планаў дзеянняў за межамі прамысловай пляцоўкі АЭС".

У задуму вучэнняў "наўмысна закладзены" "практычна немагчымы пазапраектны сцэнарый развіцця падзей з выкідам радыеактыўных рэчываў".

У ходзе вучэнняў "будзе дэталёва вывучаны шырокі пералік пытанняў": узаемадзеянне з сумежнымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі, функцыянаванне крызісных цэнтраў для забеспячэння падтрымкі прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў пры ўзнікненні радыяцыйных аварый, ёдавая прафілактыка, часовае адсяленне людзей, падвоз чыстых прадуктаў харчавання, апавяшчэнне і інфармаванне насельніцтва.

Запланавана праверка гатоўнасці сіл і сродкаў да рэагавання ў Астравецкім раёне. Каб не ствараць нязручнасцяў грамадзянам, адпрацоўка эвакуацыі будзе праведзена з прыцягненнем статыстаў, а напярэдадні вучэнняў ратавальнікі адрасна праінфармуюць усіх жыхароў вёсак (183 чалавекі ў васьмі населеных пунктах), размешчаных у радыусе трох кіламетраў вакол Беларускай АЭС: "раскажуць ім аб маючых адбыцца вучэннях, пытаннях, якія адпрацоўваюцца, і навучаць дзеянням у выпадку радыяцыйнай аварыі".

Прадугледжана праверка гатоўнасці персаналу БелАЭС да лакалізацыі інцыдэнтаў з практычнай адпрацоўкай дзеянняў на трэнажорах блокавага пульта кіравання станцыі.

"Так як паблізу тэрыторыі Беларусі размешчана некалькі атамных электрастанцый, практычная адпрацоўка ўводных будзе праведзена ў многіх раёнах краіны з задзейнічаннем розных службаў: перадачы і распаўсюджвання інфармацыі, транспартнага забеспячэння, энергазабеспячэння, аховы сельскагаспадарчых жывёл і раслін і іншых", — адзначаецца ў паведамленні.

Першы блок АЭС павінен быць уведзены ў строй у 2019 годзе.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН