Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/02/922826_123456/
Дата раздрукоўкі: 29.03.2020 05:31
02.10.2017 10:27 Грамадства

Дэпутат ПП НС прапаноўвае забараніць дамашнія роды

Мінск, 2 кастрычніка. Неабходна "прымаць нейкія меры" ў дачыненні да тых жанчын, якія вырашаюць нараджаць дома. Такое меркаванне выказаў журналістам 2 кастрычніка дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Анатоль Дашко.
Да абрання ў ПП НС ён працаваў галоўным урачом Брэсцкага абласнога радзільнага дома.

"Трэба нейкія меры прымаць, бо чалавек бярэ на сябе адказнасць, калі адважваецца нараджаць дома, у тым ліку і за жыццё дзіцяці", — сказаў ён.

Дашко лічыць няправільным ісці па шляху некаторых заходніх краін, дзе дазволены дамашнія роды ў прысутнасці кваліфікаваных акушэрак. "У нас створана свая сістэма аховы здароўя, створаны выдатныя ўмовы [у радзільнях]. Магчымасці і ўзровень аказання дапамогі ў нас не горшыя, чым у еўрапейскіх краінах, — адзначыў ён. — Узровень дзіцячай смяротнасці ў нас вельмі нізкі — каля трох праміле. Ломаць у краіне нічога не трэба, у нас створана шматузроўневая сістэма аказання перынатальнай дапамогі".

На думку Дашко, у цяперашняй сітуацыі дамашнія роды "прасцей забараніць". "Я б пайшоў па такому шляху. Што да мер адказнасці, то я б пачаў з адміністрацыйнай", — сказаў ён.

Дэпутат не выключыў, што аказваць паслугі па родадапамозе могуць дазволіць прыватным цэнтрам.

За апошні месяц у Беларусі здарыліся дзве рэзанансныя падзеі, звязаныя з дамашнімі родамі. 7 верасня суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў 31-гадовую Вольгу Сцяпанаву, у якой пасля дамашніх родаў памерла дзіця, вінаватай у прычыненні смерці па неасцярожнасці. А на мінулым тыдні ад наступстваў, выкліканых родамі на даму, памерла 29-гадовая жыхарка Беразіно (Мінская вобласць) і двое яе нованароджаных дзяцей. Па факце іх смерці зараз праводзіцца даследчая праверка.

Гэтыя выпадкі абвастрылі грамадскую дыскусію прыхільнікаў і праціўнікаў дамашніх родаў, што разгарнулася ў СМІ і сацсетках.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН