Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/02/922888_123456/
Дата раздрукоўкі: 11.07.2020 23:38
02.10.2017 13:14 Палітыка

Кіраўнік Белнафтахіма: Беларусь пераарыентуецца на расійскія порты для транзіту нафтапрадуктаў, калі гэта будзе выгадна

Мінск, 2 кастрычніка. Беларусь пераарыентуецца на расійскія порты для транзіту нафтапрадуктаў, калі гэта будзе выгадна, заявіў журналістам 2 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў старшыня канцэрна "Белнафтахім" Ігар Ляшэнка.
Паводле яго слоў, Беларусь працягвае вывучаць пытанне аб мэтазгоднасці транзіту нафтапрадуктаў праз расійскія порты. "Праца праводзіцца. Пакуль нельга сказаць, што ўжо знайшлі тое, што шукаем, — сказаў Ляшэнка. — Як толькі супадзе камерцыйнае пытанне па цане дастаўкі грузу супастаўное з прыбалтыйскім напрамкам, вядома, паставім. Пакуль кіламетраж даражэйшы. Цану на тону правозу яны (расійскі бок. — БелаПАН.) прапанавалі супастаўную, але кіламетраж большы на 200 кіламетраў. Зразумела, што проста трэба пасунуцца, напэўна, як варыянт. Перамовы заўсёды ідуць".

На пытанне, ці не баіцца ён, што Расія можа націснуць на Беларусь у дадзеным пытанні пагрозай скарачэння паставак нафты ці газу, Ляшэнка адказаў: "Я цяпер актыўна ўдзельнічаю ў пытаннях ЕЭК (Еўразійская эканамічная камісія. — БелаПАН.) Відаць, што ўсюды ў аснове стаіць роўнадаступнасць і прыярытэт рынкавых механізмаў. Строга будзем за гэта трымацца".

Пазней, выступаючы перад дэпутатамі, Ляшэнка адзначыў, што перамовы з Расіяй вядуцца "ў вельмі канструктыўным рэчышчы".

У жніўні на нарадзе з удзелам прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна кіраўнік Расійскіх чыгунак Алег Белазёраў паскардзіўся, што беларусы адмаўляюцца ад паслуг расійскіх чыгунак на карысць прыбалтыйскай інфраструктуры, калі прадаюць на экспарт нафтапрадукты.

Пуцін у адказ звярнуў увагу, што Беларусь атрымлівае толькі расійскую нафту, таму гэтае пытанне трэба ўвязаць з транспарціроўкай беларускіх нафтапрадуктаў праз расійскія порты.

15 верасня віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што Беларусь пакуль сур'ёзна не разглядае пытанне аб пастаўках нафтапрадуктаў праз расійскія порты: "Эканоміка ў аснове ўсяго стаіць. Калі паступіць прапанова, якая выгадная і лепшая за існуючыя варыянты хоць на рубель, тады будзем разглядаць сур'ёзным чынам, а пакуль гэта прапанова такая — са столі". Пры гэтым Сямашка зазначыў, што Расія не збіраецца ўвязваць пастаўкі нафты ў Беларусь з рэалізацыяй беларускіх нафтапрадуктаў праз расійскія порты.

28 верасня, выступаючы ў Мінску на V Міжнароднай галіновай канферэнцыі "Рынак нафтапрадуктаў Рэспублікі Беларусь: вытворчасць, трэйдынг, розніца", выконваючы абавязкі гендырэктара "Беларускай нафтавай кампаніі" Сяргей Грыб заявіў: Беларусь экспартуе нафтапрадукты праз прыбалтыйскія порты, таму што экспарт нафтапрадуктаў праз порты Расіі немэтазгодны па эканамічных прычынах. Пры гэтым ён адзначыў, што пры пэўных умовах мэтазгоднасць паставак нафтапрадуктаў праз тэрыторыю Расіі можна разгледзець — напрыклад, у выпадку зніжэння кошту транспарціроўкі грузаў па расійскай чыгунцы.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239