Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/02/922931_922932/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:29
02.10.2017 15:47 Фінансы, Эканоміка

Банкі павялічваюць аб'ём крэдытавання фізічных асоб, нягледзячы на рэкордную запазычанасць па спажывецкіх крэдытах

Мінск, 2 кастрычніка. За студзень—жнівень аб'ём крэдытаў, выдадзеных беларускімі банкамі на спажывецкія патрэбы, вырас на 41,3%. У той жа час, паводле дадзеных Нацбанка, на 1 верасня запазычанасць фізічных асоб па такіх крэдытах склала рэкордныя 2,43 млрд рублёў і вырасла ў параўнанні з пачаткам года на 709,7 млн.
Паводле ацэнкі аналітыкаў расійскага "Ашчадбанка", беларускія банкі зацікаўленыя нарошчваць партфель спажывецкіх крэдытаў. "Ва ўмовах слабага фінансавага станаў буйных карпаратыўных пазычальнікаў банкі ссоўваюць крэдытную актыўнасць у сегмент фізічных асоб. Пратэрміноўка ў гэтым сегменце значна ніжэйшая, чым у іншых. Доля праблемнай запазычанасці прыватных кампаній (паводле дадзеных Нацбанка) складае 9%, дзяржкампаній — 5%, а фізічных асоб — усяго 1%", — гаворыцца ў апошнім эканамічным аглядзе, які падрыхтаваў Цэнтр макраэканамічных даследаванняў "Ашчадбанка".

Паводле прагнозаў беларускіх эканамістаў, аб'ёмы спажывецкага крэдытавання будуць працягваць павялічвацца. "Унутранае спажыванне дзяржава цяпер разганяе, каб дазволіць насельніцтву кампенсаваць зніжэнне ўзроўню дабрабыту ў 2015—2016 гады. Гэта мэтанакіраваная палітычная задача дзяржавы ў 2017 годзе, і таму ў такіх умовах наўрад ці будуць прымацца меры па абмежаванні ўнутранага попыту, і ў прыватнасці спажывецкага крэдытавання", — мяркуе эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

Паводле інфармацыі БелаПАН, найбольшыя аб'ёмы спажывецкіх крэдытаў выдаюць "Прыёрбанк", "Беларусбанк" і "МТБанк" — на іх долю прыпадае больш за 40% крэдытаў, выдзеленых насельніцтву на спажывецкія патрэбы.

Прадстаўнікі фінансавага сектара канстатуюць устойлівы рост попыту насельніцтва на такія крэдыты. "Насельніцтва не хоча зніжаць узровень спажывання, таму істотнае зніжэнне працэнтных ставак на крэдыты прыводзіць да росту попыту на гэтыя прадукты. Працэнтныя стаўкі па крэдытных рэсурсах працягваюць ісці ўніз, і гэта толькі разагравае рынак спажывецкага крэдытавання", — адзначыў у каментары БелаПАН эксперт у банкаўскіх колах.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН