Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/02/922950_922951/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:37
02.10.2017 16:10 Грамадства, Эканоміка

На разгляд прэзідэнта накіраваны новы варыянт дэкрэта "аб дармаедах"

Мінск, 2 кастрычніка. Дапрацаваны варыянт дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" (так званага дэкрэта "аб дармаедах") накіраваны на разгляд кіраўніка дзяржавы, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Савета міністраў Уладзіслаў Сычэвіч. Абноўлены дэкрэт плануецца назваць "Па садзейнічанні занятасці".
Дэкрэт № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 2 красавіка 2015 года. Ён абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні ў годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражае штраф альбо адміністрацыйны арышт.

Дэкрэт выклікаў пратэсты грамадзян, пік якіх прыйшоўся на вясну гэтага года. Вулічныя акцыі былі жорстка разагнаныя міліцыяй, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйным арыштам.

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 года. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тыс. чалавек з 470 тыс., якім былі разасланыя паведамленні. У мясцовыя бюджэты паступіла 16,3 млн рублёў.

У пачатку ліпеня Лукашэнка распарадзіўся пачаць вяртанне збору, выплачанага па дэкрэце, але грошы вяртаюць толькі тым, хто змог працаўладкавацца. На нарадзе 3 жніўня ён заявіў, што "ніякай адмены дэкрэта № 3 быць не можа" — гаворка ідзе пра новую рэдакцыю гэтага дакумента. Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду падрыхтаваць абноўлены варыянт да 1 кастрычніка.

14 верасня, прызначаючы новых кіраўнікоў мясцовай "вертыкалі" ўлады, Лукашэнка заявіў: "Гэта будзе ваш дакумент. Вы на месцы павінны вызначыць, хто ў вас не працуе, а павінен працаваць, і прымусіць іх усіх працаваць. У гэтым будзе асноўная сутнасць дакумента. Не з Мінска трэба кіраваць гэтымі працэсамі". "Вы павінны з імі разабрацца — вось і ўсё вырашэнне пытання. Тады яны не будуць хадзіць і крычаць "Гвалт!". Камусьці трэба дапамагчы, некага трэба за руку прывесці на працу, кагосьці перапрафіляваць, навучыць новым спецыяльнасцям, а некага проста нахіліць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Занятасць — пытанне вельмі важнае, "людзям трэба прапаноўваць працу, ствараць працоўныя месцы", дадаў Лукашэнка.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН